Рэжым Лукашэнкі застаецца нестабільным. Тры сцэнары зменаў у Беларусі


Тры сцэнары зменаў у Беларусі – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Марэкам Будзішам, польскім даследнікам палітыкі Беларусі і Расеі. Паводле суразмоўцы, трэба рыхтавацца да гульні супраць Лукашэнкі за будучыню Беларусі, а рэжым застаецца нестабільны. Марэк Будзіш – аўтар кніг пра геапалітыку, сярод якіх – «Ілюзія вольнай Беларусі», «Усё ёсць вайна. Расейская стратэгічная культура» і «Стратэгічная адзінота Польшчы». Эксперт разважае пра тое, што чакае Беларусь найбліжэйшым часам і ў далёкай перспектыве, калі Расея спачатку будзе вельмі агрэсіўнай, а потым яе ўплыў можа моцна зменшыцца.

Сяргей Пеляса: Як вы ацэньваеце сітуацыю, у якой апынулася Беларусь праз паўтара года з пачатку вайны Расеі супраць Украіны?

Марэк Будзіш: Мне падаецца, са стратэгічнага гледзішча Беларусь апынулася ў нязвыкла цяжкой сітуацыі. Гэта азначае, што поле манеўру рэжыму і асабіста Лукашэнкі звужаецца, узрастае залежнасць ад Расейскай Федэрацыі: найперш эканамічная, пасля палітычная, а перадусім вайсковая. Рэжым не мае ідэяў, як развязаць гэтую праблему. Пры гэтым ён застаецца даволі нестабільны. Рыхтаванні да парламенцкіх выбараў налета, а таксама да прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе сведчаць, хутчэй, пра нутраную нестабільнасць рэжыму Лукашэнкі. У звязку з гэтым я б прызнаў, што мы маем дачыненне з патавай сітуацыяй у Беларусі, калі рэжым не мае дастатковай эфектыўнасці, каб пашырыць абсяг улады адносна Расейскай Федэрацыі, а адначасова каб мець большую свабоду манеўру ва ўнутранай палітыцы. Тым больш апазіцыя не мае магчымасцяў навязаць рэжыму пэўную палітычную гульню.

Гэта, на жаль, можа азначаць, што Расея будзе мець яшчэ большы ўплыў. Стаіць пытанне пра заканчэнне вайны ва Украіне, аднак Расея відавочна рыхтуецца да працяглай вайны.

Гэта выразна відаць з праекту бюджэту РФ на наступны год, а паколькі яны даюць трохгадовы прагноз, то гэта датычыць таксама двух наступных гадоў. Расея рыхтуецца да вайны, якая вымяраецца ўжо гадамі, а не месяцамі. А гэта таксама азначае, на маю думку, скарачэнне свабоды манеўру для лукашэнкаўскага рэжыму.

Аналітыка
Вайна Украіны і Расеі ўсё ж будзе зацяжной? Ці можна гэтага пазбегчы? Аналізуем сітуацыю
2023.09.20 18:43

Пра актыўнасць беларускіх дэмакратычных сілаў, якую вы згадалі, я яшчэ дазволю сабе запытацца, пра вайну мы таксама пагутарым. Цяпер хацеў бы яшчэ крыху пра рэжым Лукашэнкі і становішча, у якім ён апынуўся. У мяне ўражанне, што Лукашэнка залагодзіў сваё міжнароднае становішча, не кажучы ўжо пра ўнутранае, і стабілізаваў рэжым. Цяпер ён спрабуе акапацца, робячы стаўку на Расею, каб ягоны рэжым пратрымаўся як мага даўжэй. Вы згодныя з такім сцвярджэннем, што Лукашэнка мабілізуе сілы і ставіць выключна на Расею? 

Мне падаецца, рэжыму відавочна ўдалося ўтаймаваць становішча ў Беларусі. Мы надалей маем дачыненні з драконаўскімі карамі, скіраванымі на ўсіх падазроных хоць у нейкай волі да незалежнасці. Зліквідаваныя палітычныя партыі, нават тыя, якія не былі выразна апазіцыйныя, а былі своеасаблівым элементам карцінкі ўнутранага плюралізму. Працэс ліквідацыі палітычных партыяў ужо на фінішы, а значыць, палітычная сістэма перабудоўваецца, трохі на расейскі капыл. Эканамічная сітуацыя адносна стабільная, то бок няма ні правалаў, ні вялікіх шанцаў на пералом існай тэндэнцыі і прыспешванне ўздыму.

Мне гэта ў прынцыпе нагадвае сітуацыю ў Польшчы пры Ярузэльскім у 1983–1984 гадах, дзе таксама кантралявалася ўнутраная сітуацыя, апазіцыя была аслабленая, а часткова нават разбітая. Людзей з незалежным меркаваннем выштурхоўвалі ў эміграцыю, намагаючыся пазбыцца іх, і ў кароткачасовай перспектыве гэта давала пачуццё альбо ілюзію стабільнасці.

Але краінаю з такім становішчам, як Беларусь, і з такімі памкненнямі насельніцтва немагчыма кіраваць гэткім чынам дзесяцігоддзямі. Я не кажу пра мінуўшчыну, а пра тое, што будзе, абапіраючыся на падобныя формулы. Тут мае з’явіцца нейкая формула змены.

У тэорыі тут магчымыя тры сцэнары. Першы – нейкі паўтор 2020 года. Пры нагодзе прэзідэнцкіх альбо парламенцкіх выбараў, якія папярэднічаюць прэзідэнцкім выбарам, можа адбыцца нейкі ўздым, хоць цяжка прагназаваць маштаб, узрост грамадскай актыўнасці, які не спадабаецца ўладам.

На маю думку, Лукашэнка гэтага баіцца і да гэтага рыхтуецца, арганізуючы ўсялякія сустрэчы з адміністрацыяй, дзе ён мабілізуе сілы. Не толькі моц сілавых ведамстваў, але і сілы патэнцыйных прыхільнікаў дзейнай улады. Маштаб гэтых гіпатэтычных пратэстаў, імаверна, будзе меншы, але гэта не змяншае страхаў рэжыму.

Другі тэарэтычна магчымы сцэнар можна ўмоўна назваць збройна-паўстанчаю чыннасцю.

Трэба памятаць, што апазіцыя выразна слабейшая. Выклікі, якія з’явіліся, напрыклад, падчас бунту Прыгожына, заклікі прадстаўнікоў апазіцыі працягнуць барацьбу, у прынцыпе не знайшлі падтрымання грамадскасці. Апазіцыя таксама падзеленая, нядаўна нават выбухнуў канфлікт вакол «ByPol», то бок мы выразна не маем дачынення з нейкаю хваляй уздыму папулярнасці апазіцыі.

Апошнія апытанні сярод беларускіх эмігрантаў таксама даволі трывожныя для апазіцыі. Яны паказваюць, што тыя, хто выехаў з Беларусі, ужо звязваюць сваю будучыню, хутчэй, не з вяртаннем на радзіму, а з пусканнем каранёў у Польшчы альбо ў краінах Заходняй Еўропай, дзе яны знайшлі сабе прытулак.

Аналітыка
Ці трэба беларусам у Літве хвалявацца пра сваю будучыню?
2023.08.21 08:00

Другі чыннік, на які варта звярнуць увагу беларускай апазіцыі, – гэта выяўленая ў даследаваннях грамадскай думкі параўнальна невысокая ступень цікаўнасці да беларускай апазіцыі. На жаль, магчыма, гэта негатыўна адаб’ецца на дзеяннях апазіцыі таксама ў Беларусі. Таму сцэнар нейкага грамадскага выбуху, кіраванага апазіцыяй, з часам падаецца ўсё менш імаверным.

Ну і нарэшце ёсць трэцяя магчымасць. Мадэльным бачаннем ёсць памкненне Расеі ўзмацніць ціск і паступова паглынуць Беларусь, выбудаваўшы саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі.

Сёння мне, на жаль, падаецца, што трэці сцэнар, калі не адбудуцца нейкія пераломныя падзеі, перадусім звязаныя з вайной і магчымым яе заканчэннем, цяпер найбольш імаверны. Пагатоў – і гэта кепская навіна для беларускай апазіцыі – Захад не мае стратэгіі для Беларусі, каб весці пэўную гульню супраць рэжыму Лукашэнкі, альбо ўвогуле за перамены ў Беларусі. Я не хацеў бы сказаць, хоць гэтыя засцярогі варта агучваць, што Захад маўкліва прызнае Беларусь часткаю расейскай зоны ўплыву. Шмат што паказвае на тое, што гэтак можа адбыцца, і гэта таксама не спрыяе памкненням беларускага грамадства да свабоды.

Пасля кароткай эйфарыі і цікавасці Захаду да беларускіх дэмакратычных сілаў, асабіста да Святланы Ціханоўскай, да феномену беларускай рэвалюцыі, пасля пачатку вайны Расеі ва Украіне беларуская тэма адышла на далейшы план, нават не на другі, а яшчэ далей. Нягледзячы на гэта, цікаўнасць да Ціханоўскай і ейных структураў на Захадзе застаецца даволі моцная. Яе прымаюць на досыць высокім узроўні. Пра гэта сведчыць ейны ўдзел у Генеральнай асамблеі ААН, іншыя спатканні і візіты, хоць пры гэтым інтэнсіўнасць сустрэчаў з першымі асобамі, бадай, зменшылася. Як вы ацэньваеце дачыненні ўмоўнага Захаду са Святланаю Ціханоўскай і ейным Аб’яднаным пераходным кабінетам? Гэта сталая вартасць ці нешта ў гэтым кірунку змяняецца? Ну, напрыклад, яе надалей прызнаюць альтэрнатыўным, нават правамоцным цэнтрам улады ці не?

Я думаю, Захад мае вельмі сур’ёзную праблему, калі ідзецца пра здольнасць падтрымліваць змагарную Украіну. І гэтае пытанне пачынае дамінаваць у гэтак званай усходняй палітыцы Захаду. Я думаю, цягам найбліжэйшых месяцаў і ў наступным годзе гэта будзе комплексам праблемаў, дзеля якога ўвага Захаду будзе сканцэнтраваная перадусім на Украіне, бо маштаб выклікаў тут драматычна вышэйшы.

Гэта значыць, увага, прысвечаная Беларусі, будзе змяншацца. На жаль, гэта пойдзе на шкоду беларускай справе і дзейнасці Святланы Ціханоўскай ды палітычных сілаў, засяроджаных вакол яе.

З гэтага не трэба рабіць высновы, што яна прайграла ці будзе маргіналізаваная. Мне падаецца, ужо ўдалося дасягнуць пэўнага ўзроўню інстытуцыялізацыі дачыненняў, што гэткага не адбудзецца. Хаця пэўныя негатыўныя змены з боку некаторых дзяржаваў Еўразвязу могуць мець месца.

Інтэрв’ю
Святлана Ціханоўская пра перагляд стасункаў з Расеяй, дэкамунізацыю і свята незалежнасці ў Новай Беларусі
2023.08.25 18:43

Нядаўна амбасадар Вугоршчыны ў Менску ўручыў даверчыя лісты, не выключана, што амбасадар Славаччыны можа блізкім часам, ужо па змене ўраду ў Браціславе, пайсці шляхам Будапэшту. Лукашэнка публічна апеляваў да Кіпру, чарговай краіны Еўразвязу, каб узмацніць стасункі. Гэта паказвае, што рэжым робіць спробы разбіць гэты даволі маналітны фронт Еўразвязу, які палягае між іншым у непрызнаванні ягонай улады. Мне падаецца, ніякіх шчылінаў Лукашэнка не праб’е, яму не ўдасца.

Пытанне вернецца ў 2025 годзе, калі адбудуцца гэтак званыя выбары. Не вядома, ці будзе Лукашэнка кандыдатам, бо чуваць разнастайныя спекуляцыі адносна ягонай будучыні, але гэтае пытанне паўстане зноў.

Аналітыка
Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары
2023.10.13 07:44

Тут не ідзецца пра ўтрыманне інстытуцыйных дачыненняў з беларускай апазіцыяй – яны будуць, але пра здольнасць апазіцыі ды заходніх краінаў рэальна ўплываць на беларускую сітуацыю. Цяпер падаецца, што гэтая магчымасць абмежаваная, гэта азначае, што ўдзельная вага названай праблемы ў палітыцы Заходніх краінаў будзе змяншацца. Я б зрабіў з гэтага выснову, што не трэба адмаўляцца ад будавання пэўных узаемаадносінаў і назірання за тым, што адбываецца ў Беларусі. Бо калі надыдзе момант, калі хада падзеяў паскорыцца, тады трэба быць падрыхтаванымі да пачатку гульні супраць рэжыму за будучыню Беларусі.

У сваёй кнізе «Стратэгічная адзінота Польшчы» вы ў першай частцы апісваеце перспектывы некалькіх найбліжэйшых дзесяцігоддзяў адносна попыту на расейскую сыравіну – нафту, газ, вугаль. Як вам бачацца перспектыўныя магчымасці для Расеі праводзіць такую неаімперскую палітыку, агрэсіўную, утрымання суседзяў пад кантролем, у сваёй арбіце – на працягу, скажам, найбліжэйшых 20–30 гадоў. Беручы пад увагу ўласна некалькі чыннікаў, якія вы апісваеце ў сваёй кнізе, то бок планы зніжэння, магчыма, да нуля, выкіду СО2, адмовы ад выкапнёвых энерганосьбітаў, а прынамсі зніжэнне залежнасці ад расейскіх выкапнёвых энерганосьбітаў, я маю на ўвазе краіны свабоднага свету, не Кітай, і пераход на электратранспарт. Гэта тое, што ў далейшай перспектыве можа даць шанец не толькі Беларусі, але і Арменіі, Украіне, іншым навакольным краінам – аскепкам Расейскай Імперыі на вызваленне ў далёкай перспектыве, уласна ў доўгім маршу, пра які вы згадалі.

Кажучы пра перспектыву не двух – трох гадоў, а дзесяцігоддзяў, я думаю, што магчымасці Расейскай Федэрацыі будуць звужвацца праз шэраг чыннікаў. Ну, па-першае, трэба памятаць, што Расея апынулася – таксама ў выніку вайны – у глыбокім дэмаграфічным крызісе. Бюджэт на наступны год, пра які я казаў, суправаджаецца дэмаграфічным прагнозам, сфармуляваным расейскім урадам. Гэта не апазіцыя будуе тыя прагнозы. З яго вынікае, што паказнік нараджальнасці ў Расеі падае да найніжэйшага ўзроўню ад распаду СССР. Гэты доўгатэрміновы эфект у спалучэнні з ваеннымі стратамі будзе прыводзіць да таго, што магчымасці расейскай эканомікі будуць зніжацца.

Таксама такім чынам будзе дзеяць адразанне Расеі ад тэхналогіяў і сучасных рашэнняў, якія Расея дасюль імпартавала перадусім з Захаду. Няпраўда і пэўная ілюзія (зрэшты, пра гэта наўпрост казаў мэр Масквы Сабянін на Маскоўскім эканамічным форуме), быццам Расея не атрымоўвае тэхналогіяў з Азіі, хоць у Расеі распаўсюджаны гэты наратыў на ўзроўні прапаганды, што Расея можа пераарыентавацца на супрацу з Азіяй, і гэта дазволіць пераадолець абмежаванні на трансфер тэхналогіяў з Захаду, замяніўшы заходнія тэхналогіі на азіяцкія. Вось жа Сабянін, істотны і ўплывовы палітык у расейскім кіроўным лагеры, кажа, што гэта не так, бо Азія не схільная прадаваць Расеі тэхналогіяў. Азія, азіяцкія краіны, перадусім Кітай, але не толькі, успрымаюць Расею як даступны рынак, на якім яны зарабляюць звышпрыбыткі. Пры гэтым у іх няма ніякага жадання перадаваць тэхналогіі.

Аналітыка
КНДР замест СНД. Як Крэмль губляе ўплыў на постсавецкай прасторы
2023.09.15 08:00

Трэба таксама памятаць, што хваля міграцыі не настолькі вялікая, каб глабальна змяніць сітуацыю ў Расеі, яна мае адзін прынцыповы элемент: гэта выцек мазгоў у вялізарным маштабе. Ваенную эміграцыю з Расеі складаюць не проста адукаваныя людзі, але вялізарная колькасць навукоўцаў, што таксама адмоўна паўплывае на расейскія магчымасці развіцця ў далёкай перспектыве.

А ў звязку з гэтым, калі разважаць пра перспектыву 20 гадоў, я думаю, што магчымасці Расеі зменшацца. Пры гэтым рэсурсы і здольнасць да пэўнага манеўру расейскіх уладаў настолькі вялікія, што мы мусім казаць пра тры перспектывы. Доўгатэрміновая – 15–20 гадоў, калі магчымасці Расеі зменшацца. Кароткатэрміновая – 2–3 гады, звязаная беспасярэдне з хадою вайны ва Украіне. І перспектыва паміж, скажам, трэцім і пятнаццатым гадамі, калі Расея, уласна адчуваючы аслабленне і абмежаванне сваіх магчымасцяў, будзе больш, а не менш агрэсіўнаю дзяржаваю.

Кажучы пра палітыку еўрапейскіх краінаў і суседзяў Расеі, мы мусім падрыхтавацца да падобных сцэнароў. Расея будзе імкнуцца ўскочыць у апошні вагон, будуючы новы парадак, што выразна відаць з выступаў расейскіх экспертаў, як Караганаў, які кажа ці піша, што час не на карысць Расеі, бо Расея не можа працягваць цяперашняй палітыкі, але мусіць ужыць асабліва моцныя інструменты, маючы на ўвазе ядравы патэнцыял Расейскай Федэрацыі, каб дамагчыся новага глабальнага, а дакладней – рэгіянальнага парадку. У ягоным уяўленні гэта павінна зрабіць з Расеі непрыступную фартэцыю, перадусім таму, што Захад не захоча яе чапаць, кажучы з пэўным спрашчэннем, што дасць Расеі – ён у гэта верыць, хоць я думаю, што дарэмна – магчымасць засяродзіцца на сваіх справах.

Аналітыка
Чаму Расея хоча выйсці з дамовы аб ядравых выпрабаваннях і прычым тут «Буравеснік»?
2023.10.07 08:21

У Расеі даволі ўплывовае меркаванне Гарчакова, што Расея засяродзіцца на ўласных магчымасцях, каб у выніку выйсці на нейкі вышэйшы ўзровень. Я думаю, гэтага не выйдзе, але існуе ілюзія, што Расея павінна быць больш скіраваная на ўнутранае развіццё, то бок адмежавацца ад Захаду, перамагаючы ў вайне ва Украіне і будуючы сцяну вакол «русского мира». На маю думку, такое мысленне ў Расеі даволі моцнае, і яна будзе імкнуцца ісці ў гэтым кірунку, такая ў мяне ацэнка.

 Так, і, відавочна, у Польшчы ўсведамляюць гэтую сітуацыю, пра што сведчаць таксама прыгатаванні ў галіне абароназдольнасці Польшчы: вялікія планы, вялікія закупы. А мы, суседзі Польшчы, я маю на ўвазе беларусаў ды ўкраінцаў, якія застаюцца паміж двума цэнтрамі сілы, без Польшчы, без яе партнёраў, без краінаў Балтыі і без наймагутнейшых нашых партнёраў на Захадзе хіба не ператрываем, не дамо рады дачакацца спрыяльнай у будучыні сітуацыі. Можа, тады ўдасца аднавіць правапарадак у Беларусі, нават калі гэта адбудзецца праз 15, 20, 25 гадоў, калі эмісія газу СО2 найбуйнейшых гульцоў на свеце спадзе да нуля, прынамсі згодна з планам. Дзякую за размову, спадару Марэку.

Вялікі дзякуй.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 19.10.2023

belsat.eu

 

Стужка навінаў