Пуцін сёння прызнае «ЛНР» і «ДНР»? Маскоўская біржа і курс расейскага рубля абваліліся


21 лютага прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сабраў пазачарговае паседжанне Савету бяспекі, на якім абмеркаваў прызнанне незалежнасці самаабвешчаных на тэрыторыі Украіны «ЛНР» і «ДНР». Пра гэта паведамляе РИА Новости.

У сваёй прамове Пуцін увязаў прызнанне «ЛНР» і «ДНР» з нежаданнем краін Захаду заблакаваць уступ Украіны ў НАТО.

Аналітыка
Правакацыі і мабілізацыя на Данбасе, расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. Хроніка эскалацыі
2022.02.21 17:01

Намеснік кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Козак заявіў, што Украіна «не бачыць магчымасці асаблівага статусу для Данбасу». А старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін заклікаў прызнаць «рэспублікі».

«У выпадку прызнання Данбасу ціск будзе бязмежным, але Расея ведае, як гэтаму супрацьстаяць, праз некаторы час напружанне будзе спадаць», – сказаў у сваю чаргу намеснік старшыні Савету бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў.

На яго думку, «Захад папросіць вярнуцца да дыялогу па стратэгічнай бяспецы праз нейкі час, калі Расея прызнае Данбас – як гэта было пасля 2008 пасля прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі».

«Пагроза санкцыяў – гэта балюча і непрыемна, але час прыйшоў, час прымаць рашэнні, адкладаць нельга», – адзначыла кіраўніца Савету Федэрацыі Валянціна Мацвіенка.

За прызнанне «ЛНР» і «ДНР», «калі не будзе ніякіх зрухаў», таксама выказаліся прэмʼер-міністр Міхаіл Мішусцін, дырэктар Службы вонкавай выведкі Сяргей Нарышкін і сакратар Савету бяспекі Мікалай Патрушаў. А кіраўнік МУС Уладзімір Калакольцаў увогуле заклікаў прызнаць іх незалежнасць у межах Луганскай і Данецкай вобласцяў Украіны.

«Адназначна» прызнаваць «рэспублікі» вырашыў і міністр абароны Сяргей Шайгу.

«Рашэнне па пытанні аб прызнанні «ДНР» і «ЛНР» будзе прынятае сёння», – падсумаваў абмеркаванне Пуцін.

На тле абмеркаванняў абваліўся курс расейскага рубля. Да долара ён знізіўся да 79 рублёў, да еўра – да 90. А Маскоўская біржа згубіла больш як 12%. Індэкс упершыню з 10 лістапада 2020 года стаў ніжэйшым за 3000 пунктаў.

Hавiны
«Не чакаючы вайсковага нападу». У Літве прапанавалі ЕЗ абмеркаваць санкцыі супраць Менску і Масквы
2022.02.21 16:42

ПС belsat.eu

Стужка навінаў