Засакрэчаны сёмы пункт Указу аб мабілізацыі дазваляе Міністэрству абароны Расеі заклікаць на вайну з Украінай адзін мільён чалавек. Пра гэта выданню «Новая газета. Европа» паведаміла крыніца ў Адміністрацыі прэзідэнта РФ.
У апублікаваным 21 верасня скане ўказу Уладзіміра Пуціна пра ўвядзенне ў Расеі мабілізацыі сёмы пункт дакументу абазначаны «для службовага карыстання». Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што там вядзецца пра колькасць рэзервістаў, якіх могуць заклікаць у войска – да 300 тысяч асобаў.
«Лічбу некалькі разоў выпраўлялі, і ў выніку, спыніліся на мільёне», – удакладніў суразмоўца выдання змест засакрэчанага пункту.
Між тым Дзмітрый Пяскоў ужо зняпраўдзіў звесткі пра планы заклікаць у войска да мільёна асобаў.
«Гэта хлусня», – сказаў ён «РИА Новости».
Адзначым, што пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расеі адбылося ўжо некалькі нападаў на ваенкаматы. Гэтак, уначы на 22 верасня невядомыя спрабавалі падпаліць вайсковыя камісарыяты ў Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, горадзе Гай Арэнбургскай вобласці і сяле Кыра Забайкальскага краю. У Тальяці кактэйль Молатава кінулі ў дзверы гарадской адміністрацыі.
Якуб Хруст belsat.eu