У Беларусі ахова здароўя ў заняпадзе і пры існым рэжыме праблемы вырашыць немагчыма


Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка зладзіў нараду па пытаннях працы сістэмы аховы здароўя. На нарадзе прагучала пра істотныя праблемы ў галіне, і патрабаванне вырашыць іх. Лекары ў студыі «Белсат» у сваю чаргу са скрухай прызнаюць, што сапраўды, у сучаснай Беларусі ахова здароўя фактычна ў заняпадзе і пры існым рэжыме праблемы вырашыць проста немагчыма.

Нарада ў Лукашэнкі па пытаннях аховы здароўя.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што некаторы час таму была створаная адмысловая камісія, якая ўладзіла маніторынг у сістэме аховы здароўя. Самаабвешчаны кіраўнік краіны заявіў, што насамрэч праблемаў вельмі шмат і прыйшоў час вырашаць сітуацыю.

Станіслаў Салавей, лекар, прафсаюзны актывіст студыі «Белсат» распавёў, што сапраўды, правяранні ў сістэме аховы здароўя адбыліся 6 месяцаў таму. Але ў чыноўнікаў зусім іначай вядзецца чарга ў медычных установах, яны могуць прыйсці на запіс да лекара і не мусяць чакаць у чэргах. А нарада і крытыка – проста спроба паказаць, што ў краіне нешта засталося сацыяльнае.

У сваю чаргу Лідзія Тарасенка, каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці, кажа, што тэма медыцыны на нарадзе ў Лукашэнкі – гэта проста палітыка і проста словы.

«Я думаю, што любыя выступу дыктараў можна абмяркоўваць на канферэнцыі па псіхіятрыі і толькі ў межах клінічнага выпадку. Усё, што кажа Лукашэнка пра медыцыну – я не ведаю на каго гэта разлічана, наагул, ці ёсць у яго мэтавая аўдыторыя, або яна існуе толькі ў яго галаве. Усё гэта пакуль што сістэматызаваная лухта, якая адрозніваецца толькі тым, што паміж словамі ёсць сувязь, таму няма сэнсу гэта каментаваць», – кажа Лідзія Тарасенка.

Чарга ў гарадской паліклініцы №8 у Менску, Беларусь. 31 студзеня 2022 года.
Фота: чытачы / Минск-Новости

Станіслаў Салавей пагаджаецца з такой ацэнкай і дадае, што ў Беларусі фармальна ў вёсцы ўсё працуе, але рэальна пад стэндап Лукашэнкі можна паставіць любую дату, хоць 2010, або 2015 год і нічога не змяняецца. Але на фоне адтоку кадраў сітуацыя ўспрымаецца больш востра. Паводле лекара, ніколі не было ў сучаснай Беларусі нармальнай працы ў сістэме аховы здароўя. Сістэма працавала на энтузіязме, на размеркаваных маладых спецыялістах. Змянілася таксама тое, што грошай сталі меней выдзяляць, бо больш трэба сілавікам. А адток кадраў узмацніўся настолькі, што сітуацыя абвастрылася. Расплачваюцца ў гэтай сітуацыі сваім здароўем людзі, – кажа лекар.

Тыя захады па вырашэнні праблемаў, сярод якіх прымусова замацаваць спецыялістаў на працы – проста садысцкія, кажа Лідзія Тарасенка. Неабходна раздзяляць жаданні рэжыму і людзей. Жаданні ўладаў не абумоўленыя рэальнай сітуацыяй і жаданнем вырашыць сітуацыю.

«Яны імкнуцца прынізіць, адпомсціць. Любы чалавек з адукацыяй і мысленнем для рэжыму – гэта вораг, улады імкнуцца выціснуць гэтага чалавека за межы, нават калі рэжым звольніць апошняга лекара, магчыма для спецыяліста гэта будзе нават і лепей. У Беларусі заўсёды было прымусовае размеркаванне, але кадравая сітуацыя пагаршалася. І рабіць тое ж самае, што рабілі раней, але цяпер узмоцнена, і пры гэтым спадзявацца, што сітуацыя палепшыцца – гэта складана пракаментаваць», – кажа Лідзія Тарасенка.

Гісторыі
«Лекар – чалавек, якому больш за ўсіх трэба». Як медыцына прывяла жыхарку Менску ў навуку, потым у ЗСУ. Цяпер яна шукае працу ў Польшчы
2022.10.21 18:08

Лукашэнка падчас нарады абвінаваціў у праблемах сістэмы аховы здароўя самых лекараў. Станіслаў Салавей тлумачыць, што праблема ў тым, што практычна заўсёды ў праблемах пацыентаў вінаватыя лекары. І такое назіраецца ва ўсім свеце.

«Калі ўлады абвінавачваюць у праблемах у галіне медыкаў, то гэта бязглуздзіца. Лекараў становіцца меней, розных бязглуздых загадаў з’яўляецца ўсё болей. У медыкаў з’яўляецца ўсё больш працы. Паводле новых законаў, медык, які працаваў лекарам агульнай практыкі, раптам становіцца эндакрынолагам. А на курсы паедзе пазней. Але ці магчыма якасна выконваць працу ў такой сітуацыі? Ва ўсім свеце паслядыпломная падрыхтоўка лекараў займае гады, а ў нас год, а то і меней. Таму абвінавачваць медыкаў у існай сітуацыі без сэнсу. У нас сістэма працавала не дзякуючы, а насуперак», кажа Станіслаў Салавей.

Лекар таксама дадае, што ў Беларусі лекары вельмі моцна перапрацоўваюць і вельмі моцна загружаныя працай. Але пры гэтым улады абвінавачваюць медыкаў у тым, што не хапае лекараў. Гэта тое ж самае, што падпаліць хату і потым здзіўляцца, што палае агонь, але вы ж самыя яго падпалілі. Медыкаў звальняюць, садзяць у турмы і раптам здзіўляюцца, што яны сталі горш працаваць, але ж іх проста меней становіцца ў краіне, абураецца Станіслаў Салавей.

Лідзія Тарасенка таксама кажа, што прафесіяналы ведаюць пра існую сітуацыю, беларускія рэаліі і праблемы ў медыцыне даволі даўно. А ўлады на гэтым фоне проста ствараюць ілюзія дзейнасці, дадае Станіслаў Салавей. Паводле яго словаў, рэальна ў Беларусі няма каму лячыць, калі аднаго лекара пасадзілі за краты, то пацярпелі сотні людзей, якія не атрымалі дапамогу. А словы Лукашэнкі – проста папулізм, паколькі сістэма аховы здароўя разваленая даволі даўно.

Самае складае ў тым, лічыць Лідзія Тарасенка, што няма простага рашэння праблемаў галіны. Няма гарантыі, што сітуацыя выправіцца аўтаматычна і сама сабою. З гэтай уладай, рэжымам нічога не будзе добрага. Рэпрэсіі дасягнулі вялізных маштабаў. Пры існай сістэме паляпшэння быць проста не можа, сістэма разваленая канчаткова, таму можна яе адбудоўваць.

Аналітыка
Будзем п’янымі і дурнымі? Медыцына і адукацыя Беларусі працягваюць дэградаваць
2023.05.11 10:34

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў