З самога ранку ўкраінцы ў мясцовых чатах абмяркоўваюць ваеннае ўварванне Расеі ва Украіну: што трэба рабіць, якая сітуацыя на вуліцах гарадоў, дзе найбліжэйшыя бамбасховішчы. Стараюцца захоўваць спакой, заклікаюць не паддавацца паніцы і не распаўсюджваць фэйкаў.
Увага, некаторыя здымкі могуць быць шакуючыя.
Харкаў. Гараджане з валізкамі выйшлі на вуліцы, спрабуюць з’ехаць машынамі. Аэрапорт абстраляны ракетамі: патрапілі тры. На выездзе з Харкава стаяць блокпасты, выехаць з гораду нельга. Шмат дзе перыядычна знікае вада, практычна адсутнічае сувязь – мабільная ды інтэрнэт. У крамах скупляюцца прадукты – грэчка, мука: паліцы хутка пусцеюць. Мясцовыя жыхары кажуць пра залпы з ракетаў у небе зранку. Цяпер сітуацыя больш спакойная, залпаў не чуваць.
У харкаўскім метрапалітэне ўсталёўваюцца пітныя фантаны. На ўсе станцыі пускаюць без аплаты. Людзі прыходзяць з валізкамі, хатнімі гадаванцамі. Сядзяць на падлозе, лавах.
З розных гарадоў паступаюць паведамленні пра абстрэлы вайсковых палігонаў і частак. Зранку ўдар зазналі Варвараўка, Валахоўка, цяпер там расейскія танкі.
На бензастанцыях вялікія чэргі, расце кошт паліва.
Кіеў. Згодна паведамленнямі, у дамах адкрываюцца сутарэнні для сховішча, таксама кіеўскае метро пачалі выкарыстоўваць у якасці сховішча – уваход туды таксама бясплатны, людзі ідуць сем’ямі, з рэчамі. Кепска працуе мабільная сувязь, сетка перагружаная, шмат хто не можа датэлефанавацца да сяброў і знаёмых з гарадоў, якія апынуліся пад ударам. Кіеўскія ўлады заклікаюць людзей не выходзіць з дому. На выездах з гораду – вялізныя коркі з машынаў у заходнім кірунку.
Львоў. З ранку ў горадзе гучаць сірэны. Усё спакойна.
belsat.eu