Палітычны аналітык Ігар Ільяш лічыць, што Украіна вельмі годна адбівае масіраваныя атакі Расеі і разлічваць на хуткую перамогу Крамлю не выпадае.
«Выглядае на тое, што бліцкрыг у Пуціна не атрымліваецца. Хаця Мінабароны РФ і заявіла пра тое, што ўсе задачы на дзень былі выкананыя, але насамрэч па выніках дня занесці сябе ў актыў Расея можа толькі пэўныя поспехі ў Херсонскай вобласці, дзе ў другой палове дня атрымалася захапіць Гэнічэск і Алешкі. І гэта прытым што спробы прарыву ладзіліся фактычна па ўсіх напрамках. Ніводнага буйнога гораду захоплена не было, углыб тэрыторыі Украіны расейскія вайскоўцы прарвацца не змаглі», – канстатуе ён.
Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што не бачна ніякіх прыкметаў панікі і падзення баявога духу ўкраінскага войску, нічога не чуваць пра палонных і дэзерціраў.
«Наадварот гэта як раз Украіна першай прадэманстравала расейскіх палонных. У Чарнігаўскай вобласці, калі верыць афіцыйным звесткам, наогул быў захоплены цэлы ўзвод. Такім чынам, пакуль няма ніякіх падставаў казаць пра тое, што Расея можа разлічваць на хуткую ваенную перамогу.
А палітычную паразу Крэмль ужо пацярпеў: цяпер для ўсяго свету Расея з’яўляецца відавочным агрэсарам, які развязаў найбуйнейшы ўзброены канфлікт у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны (і пры гэтым нават не змог стварыць пераканаўчае прапагандысцкае суправаджэнне сваёй ваеннай авантуры)», – кажа ён.
Паводле Ільяша, роля Беларусі ў гэтай вайне пакуль не вызначылася да канца.
«Няма сумневаў у тым, што з тэрыторыі Беларусі наносяцца ўдары па Украіне, у тым ліку наземныя – такім чынам, Беларусь у любым выпадку з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі. Але, мяркуючы па ўсім, беларускія вайскоўцы пакуль непасрэдна не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях – афіцыйны Менск цалкам гэта адмаўляе.
Аднак зразумела, што пытанне ў любым выпадку знаходзіцца ў парадку дня і такая пагроза існуе. У гэтым сэнсе была паказальнай сённяшняя заява Лукашэнкі: «Нашых войскаў ва Украіне няма. Але калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі, яны будуць». Гэта вельмі падобна на тое, што ён раней казаў пра лёс расейскіх вайскоўцаў у Беларусі пасля вучэнняў «Саюзная рашучасць», рыхтуючы аўдыторыю да таго, што яны тут застануцца. Цалкам магчыма, што мы маем справу з аналагічнай сітуацыяй».