У Баранавічах пакаралі калоніяй «за знявагу Лукашэнкі» анкалагічна хворага


У Баранавічах вынеслі прысуд Анатолю Пугачу, які быў схоплены сілавікамі пасля таго, як вярнуўся ў Беларусь на анкалагічнае абследаванне. Аб гэтым паведамляе «Вясна».

Анатоль Пугач.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

Судом Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы разгледжаная крымінальная справа Анатоля Пугача, якога абвінавацілі ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Паседжанне адбылося 21 лютага. Справу разглядала суддзя Аксана Літвінчык.

Пугачу 28 гадоў, сілавікі затрымалі яго 13 снежня 2022 года, на наступны дзень пасля вяртання з Польшчы. У Беларусь ён прыехаў на абследаванне, бо за мяжой у яго знайшлі анкалагічнае захворванне.

Праваабаронцы адзначаюць, што, нягледзячы на стан здароўя Анатоля, 23 студзеня суд адмовіўся змяніць меру стрымання хаця б на хатні арышт і пакінуў падсуднага ў СІЗА.

У матэрыялах абвінавачання ўказана, што Анатоль Пугач у перыяд з 25 лютага да 18 сакавіка 2022 года пасля прагляду відэазапісаў размясціў іх на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, чым «прынізіў гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі».

Выносячы рашэнне, суддзя ўлічыла ў якасці змякчальных віну абставінаў чыстасардэчнае раскаянне ў зробленым. У выніку маладому чалавеку прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, у яго канфіскавалі на карысць дзяржавы мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.

16 лютага Анатоль Пугач прызнаны палітвязнем.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў