Анджэй Пачобут – год за кратамі


Роўна год за кратамі застаецца гарадзенец, журналіст, сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут. Не пайшоў на кампраміс і адмовіўся ад вызвалення ўзамен на квіток з Беларусі ў адзін канец. Напярэдадні МЗС Польшчы паведамляла, што ведае пра пагаршэнне стану здароўя палітвязня. Пачобут усё яшчэ чакае суда паводле абвінавачвання ў распальванні нацыянальнай варожасці і рэабілітацыі нацызму.

Стэнд з партрэтам палітзняволенага актывіста ды журналіста Анджэя Пачобута ў цэнтры Варшавы. 12 кастрычніка 2021 года. Варшава, Польшча. Фота Аліса Ганчар / Белсат

СІЗА № 1 – следчы ізалятар, размешчаны ва ўнутраным двары КДБ Беларусі. Справы палітвязняў, якіх тут трымаюць, датычаць дзяржаўных інтарэсаў. Адна з іх – справа Анджэя Пачобута, актывіста Саюзу палякаў у Беларусі, апошняя вестка пра якога не цешыць:

«Перасталі прыходзіць лісты ад Анджэя Пачобута. Даведалася, што ён маіх ужо даўно не атрымлівае, хоць пішу кожны дзень. У камеру прыносяць усім, акрамя яго», – паведаміла жонка зняволенага Аксана.

Анджэя кінулі за краты летась сімвалічна ў Дзень Волі. Гэта быў ужо трэці арышт сярод сябраў польскай меншасці ў Беларусі. Асабліва нязручнаю для Лукашэнкі яна стала пасля абрання Польшчаю палітыкі санкцыяў супраць беларускага дыктатара і падтрымання дэмакратычнай супольнасці.

«Тэлебачанне праводзіць прапаганду антыпольскую. Калі паліваецца брудам польская гісторыя, калі адбываюцца наведванні пунктаў навучання польскай мовы супрацоўнікамі пракуратуры і ідэалагічнымі супрацоўнікамі, то гэта адбіваецца на атмасферы», – гэта словы Анджэя Пачобута за 4 дні перад затрыманнем. Пазней яму і шэрагу іншых актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі інкрымінавалі артыкул 130 КК РБ – «распальванне нацыянальнай варожасці і рэабілітацыя нацызму». Да 12 гадоў турмы – за тое, што ўшаноўвалі памяць воінаў польскага антыкамуністычнага падполля.

Яшчэ ў 2016 годзе Анджэй Пачобут казаў пра гэты канфлікт:

«Гістарычная палітыка беларускай дзяржавы супрацьлеглая бачанню гісторыі, што існуе ў Польшчы. Гэты канфлікт паўстаў у 1994 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка вярнуў камуністычныя сімвалы, пакінуў КДБ і ўшаноўвае памяць Дзяржынскага. Калі ў кожным горадзе ёсць помнік Леніну, натуральна, што гэты канфлікт будзе».

Цягам года ідзе і ніяк не завершыцца следства. Трох фігурантак справы з-за кратаў аднак вызвалілі ўзамен на згоду пакінуць Беларусь. Лідарка СПБ Анджэліка Борыс пагадзілася на згоду пазней – пра ейнае вызваленне першым паведаміў праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі. Палітвязень Пачобут жа дагэтуль за кратамі.

«Не вядома нават, калі адбудзецца суд. Ці сапраўды яму выставяць гэтыя абвінавачванні абсурдныя, пра якія мы ведаем і якія іх ніякім чынам не датычаць», – разважае рэдактар сайту СПБ Анджэй Пісальнік.

Андрэй – гісторык, які цікавіўся Другой сусветная вайною і пасляваеннай польскай партызанкай. Журналіст, грамадскі дзеяч і кандыдат у майстры спорту па шахматах. Але таксама чалавек, які сядзеў за паклёп на Лукашэнку, што нібыта ўтрымліваўся ў артыкулах журналіста.

Прасіць памілавання ў Лукашэнкі Пачобут лічыць амаральным і не хоча пакідаць Беларусь.

Сімвалічны апякун палітвязня дэпутат Еўрапарламенту Робэрт Бедрань лічыць:

«Людзі ў Беларусі і Украіне змагаюцца за вашую і нашую вольнасць. Праліваюць сваю кроў, зазнаюць катаванні, застаюцца за кратамі, як Анджэй Пачобут, дзеля таго, каб мы маглі жыць у вольным дэмакратычным свеце».

Сумнай гадавіне затрымання Анджэлікі Борыс і Анджэя Пачобута ў Сейме Польшчы прысвяцілі выставу «Зняволеныя за польскасць».

Юлія Цяльпук «Белсат»

Стужка навінаў