«BELPOL»: Ніхто з датычных да трансляцыі відэа Ціханоўскай не быў затрыманы


У «BELPOL» зняпраўдзілі інфармацыю, што людзі, датычныя да запуску 24 лютага выступу Святланы Ціханоўскай на экранах краіны, былі затрыманыя: «Ніхто з затрыманых не датычны да правядзення акцыі. У Беларусі ніхто не знаходзіўся».

Бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняю на экране і выступ Святланы Ціханоўскай у менскім метро. 24 лютага 2024 года. Калаж з фота: t.me/motolkohelp

Як сцвярджае прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў «BELPOL» Уладзімір Жыгар, з тых людзей, якіх затрымалі сілавікі, ніхто не быў датычны да правядзення акцыі.

Усе затрыманыя – «ахвяры рэжыму», кажа Жыгар і тлумачыць, што людзей схапілі, каб адсправаздачыцца і паведаміць наверх аб тым, што ўсе ўдзельнікі пакараныя:

«Гэта зроблена з адною мэтаю: паведаміць, што ўсіх злавілі, усё – пад самым жорсткім кантролем. Карныя органы баяцца пакарання. І выйшлі на новы ўзровень працы ў сістэме. Праз страх перад сваім сюзэрэнам сістэматычна «ўпарваюць» яму дэзынфармацыю аб злоўленых экстрэмістах, толькі каб абараніць сябе», – адзначыў прадстаўнік «BELPOL».

Нагадаем, што 24 лютага ў Беларусі на вялікіх экранах на плошчах, у супермаркетах, гандлёвых і спартовых цэнтрах паказалі выступ Святланы Ціханоўскай з нагоды «бязвыбараў» і другой гадавіны вайны ва Украіне. Акцыю зладзіў «BELPOL».

Пазней сілавікі адсправаздачыліся, што затрымалі мінімум чатырох працаўнікоў кампаніі «Легіён-104», якая адказвае за дыстанцыйнае абслугоўванне экранаў для размяшчэння рэкламы. «Пакаяльныя відэа» з затрыманымі з’явілася ў тэлеграм-канале ГУБАЗіКаўцаў. Намеснік дырэктара, інжынер, менеджарка і спецыяліст па продажах кампаніі распавядаюць, што ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў пратэстах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў