«Вясна» і Беларускі ПЭН трапілі ў шорт-ліст нідэрландскай прэміі «Цюльпан правоў чалавека»


Міністэрства замежных справаў Нідэрландаў апублікавала шорт-ліст прэміі «Цюльпан правоў чалавека – 2022». Сёлета ў яго ўвайшлі Беларускі ПЭН і праваабарончы цэнтр «Вясна». Аб гэтым паведамляе ўрад Нідэрландаў на сваім афіцыйным сайце. 

«Цюльпан правоў чалавека – 2022» могуць атрымаць беларусы.
Фота: government.nl

Беларускі ПЭН і праваабарончы цэнтр «Вясна» трапілі ў шорт-ліст прэміі «Цюльпан правоў чалавека – 2022» у ліку 10 іншых кандыдатаў. Сёлета на прэмію намінаваліся 80 прэтэндэнтаў з усяго свету. У шорт-лісце рэпрэзентаваныя Беларусь, Венгрыя, Ірак, Камбоджа, Малі, Мексіка, Нігерыя, Тайланд і Украіна. Намінантаў абралі зыходзячы з іх уплыву і працы на карысць грамадства, іх мужнасці ў імкненні прасоўваць правы чалавека, нягледзячы на пагрозы і нападкі.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 8 снежня падчас Тыдня правоў чалавека.

«Цюльпан правоў чалавека» – гэта прэмія, якую Міністэрства замежных справаў Нідэрландаў штогод уручае праваабаронцам і праваабарончым арганізацыям, каб падтрымаць іх працу. Пераможца атрымлівае бронзавы цюльпан і € 100 тыс. Гэтыя грошы і міжнародная вядомасць, якую стварае прэмія, дапамагаюць пераможцам працягваць і пашыраць іхныя намаганні ў галіне правоў чалавека.

Артыкулы
Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 13:14

Нагадаем, што кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 2022 годзе. Бяляцкі больш за год застаецца за кратамі. Дзейсныя ў Беларусі ўлады чыняць крымінальны і адміністратыўны пераслед ў адносінах іншых праваабаронцаў, шмат хто з іх таксама за кратамі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў