Справу Соф’і Сапегі зарэгістравалі ў расейскім судзе. Крымінальны артыкул дзіўны


Матэрыялы справы зняволенай у Беларусі грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі 24 красавіка былі накіраваныя ў Прэсненскі суд Масквы для правядзення працэдуры ейнай перадачы ў Расею. «Медыязона» знайшла на сайце суду інфармацыю аб справе – у ёй пазначаны артыкул «Перавышэнне паўнамоцтваў прыватным дэтэктывам».

Сафія Сапега.
Фота: ehu.lt

Палітычную зняволеную Соф’ю Сапегу, затрыманую разам з журналістам Раманам Пратасевічам у выніку захопу самалёта «Ryanair», асудзілі на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму нібыта за працу на канал «Чорная кніга Беларусі». Ёй адмовілі ў памілаванні, а таксама спачатку адмаўлялі ў экстрадыцыі ў Расею, грамадзянкай якой застаецца дзяўчына. Ды 14 красавіка Генеральная пракуратура Беларусі задаволіла хадайніцтва Сапегі аб экстрадыцыі яе ў Расею для адбыцця пакарання.

Каб Сапега пачала адбываць пакаранне ў Расеі, суд мае разгледзіць пытанне перакваліфікацыі артыкулаў з Крымінальнага кодэксу Беларусі на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэксу РФ, а таксама вызначыць выніковае пакаранне, якое трэба будзе адбыць.

У Беларусі Сапегу прызналі вінаватай у «Распальванні варожасці» (ч.3 арт. 130 КК РБ) і «Незаконным зборы інфармацыі аб прыватным жыцці» (ч.1 арт. 179 КК РБ). У Расеі адпаведнік першаму артыкулу – арт. 282 КК РФ, у якім самае жорсткае пакаранне – 6 гадоў пазбаўлення волі. На сайце суду пра «Распальванне варожасці» нічога не згадваецца.

Поўнага адпаведніка другому артыкулу няма. Але на сайце суду адносна Сапегі згадваецца толькі ч.1 арт. 203 КК РФ. Гэтая частка такая: «Учыненне прыватным дэтэктывам або супрацоўнікам прыватнай ахоўнай арганізацыі, які мае пасведчанне прыватнага ахоўніка, дзеянняў, якія выходзяць за межы паўнамоцтваў, вызначанымі заканадаўствам Расейскай Федэрацыі, якія рэгламентуюць ажыццяўленне прыватнай ахоўнай і дэтэктыўнай дзейнасці, і якія прывялі да істотнага парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян і (або) арганізацыяў або інтарэсаў грамадства ці дзяржавы, якія ахоўваюцца законам».

Самае жорсткае пакаранне – два гады пазбаўлення волі. Пакараннем за гэта можа быць штраф да 300 тысяч расейскіх рублёў (каля 3680 долараў) ці ў памеры даходу за тэрмін ад 1 да 2 гадоў; абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў; прымусовыя працы на тэрмін да двух гадоў; пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў з магчымым правам займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.

У судзе не адказалі на тэлефанаванні журналістаў «Медыязоны», якія хацелі ўдакладніць сутнасць абвінавачванняў.

Каментар
Соф’ю Сапегу збіраюцца экстрадаваць у Расею. Там яе пасадзяць ці адпусцяць?
2023.04.15 14:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў