«Еўрарадыё» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе пра страляніну, якая здарылася 28 верасня ў Менску падчас рэйду па кватэрах.
«Падчас «адпрацоўкі адрасоў» у адной з кватэр жыхар аказаў супраціў сілавікам – стрэліў у аднаго з іх з паляўнічай стрэльбы. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі мужчыну. Паранены супрацоўнік КДБ – загінуў», – паведамляе выданне.
КДБ пацвердзіў факт здарэння:
«Сёння ў падчас правядзення спецмерапрыемстваў па адпрацоўцы адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці, у адной з кватэр жылога дому па супрацоўніках праваахоўных органаў быў адкрыты агонь з стрэльбы на паразу. Асабліва небяспечны злачынец у выніку смяротна параніў супрацоўніка Камітэту дзяржбяспекі. Агнём у адказ злачынец быў знішчаны. Супрацоўнік ад атрыманых ран памёр».
Распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт.139 КК («Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці»).
Дэпартамент аховы выехаў па адрасе ў 13.34. Паведамленне пра агнястрэльнае раненне паступіла ў 13.40, піша Антон Матолька.
Паводле папярэдняй інфармацыі, забіты жыхар кватэры – Андрэй Зельцар, супрацоўнік «EPAM Systems».
Крыніца «Белсату» ў «EPAM» пацвердзіла, што супрацоўнік з такім імем і прозвішчам у беларускім аддзяленні кампаніі сапраўды працуе. Паводле Instagram, ён цікавіўся фота і зброяй.
Як распавялі суседзі, Андрэй жыў разам з жонкай у яе кватэры. Гадавалі малога сына, вучня пачатковых класаў. Дзе знаходзіўся малы падчас страляніны, невядома, піша «Наша Ніва».
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, забіты супрацоўнік КДБ быў 1990 года нараджэння. У яго засталіся жонка і малое дзіця.
Відавочцы паведамляюць, што сёння ўвесь дзень сілавікі знаходзяцца па адрасе Якубоўскага, 29.
«Каля трэцяга падʼезда дому стаяць бус, легкавая машына і два аўтамабілі міліцыі. Шмат людзей у цывільным, міліцыянты ходзяць у бахілах і пальчатках», – перадаюць Naviny.by.
«Белсату» людзі, якія прадставіліся жыхарамі двару, паведамілі, што прачнуліся ад шуму, «ужо было поўна няпростых людзей».
«Бус СК ужо гадзін 8 стаіць на паркоўцы. Куча чужых машын», – паведамляюць нам.
Само відэа выклікала шэраг пытанняў. З роліка незразумела, хто здымаў меркаванага стралка ў кватэры. Запіс змантаваны так, момант трапляння ў супрацоўніка КДБ не паказаны. Бачна толькі, як мужчына з стрэльбай страляе кудысьці ў калідор, а ў іншым змантаваным кавалку супрацоўнік у масцы страляе з пісталета туды, дзе, як мяркуецца знаходзіцца стрэлак. У наступных кадрах супрацоўнікі выцягваюць свайго калегу, называючы яго «Дзімка» і «Нірвана», вакол яго сляды крыві. Вылікаюць пытанні і да паводзінаў жанчыны на відэа.
«Каментаваць пакуль рана. Але пытанняў пакуль больш чым адказаў», – пракаментавалі здарэнне ў ініцыятыве беларускіх сілавікоў «BYPOL».
«Эээ… Каб стрэльба ў памяшканні так страляла? І пісталецікі нейкія цацачныя. І ў форме нікога няма. Я схільны лічыць, што пастаноўка. Калі з пісталета страляць у памяшканні, то там б’е па вушах, як з гарматы. А калі з драбавіка, то гук будзе адпаведным. І пісталецікі не табельныя», – на ўмовах ананімнасці распавёў «Белсату» былы афіцэр міліцыі.
Паводле яго, драбавікі больш гучныя нават на адкрытай мясцовасці. Таксама пры страляніне ў людзей мусяць дрыжаць рукі, чаго не бачна на відэа.
Свае заўвагі да відэа публікуе таксама «Zerkalo».
Цешча Андрэя Зельцара распавяла «Нашай Ніве», што нічога не ведае пра здарэнне:
«Я нічога не ведаю. Пра тое, што нешта адбылося, мы даведаліся, калі нам пазванілі з гімназіі, дзе вучыцца ўнук. Падчас усяго гэтага ён быў на вучобе. Нам пазваніў дырэктар гімназіі, і сказалі, што трэба будзе забраць унука.
Сілавікі паведамілі нам, што дачка на Акрэсціна. І ўсё. Сказалі, што больш ніякай інфармацыі даць не могуць, – кажа жанчына. – Я нічога не магу казаць ці думаць. Я ў шоку, не разумею, што адбываецца. Дачка – звычайны прадавец. Нічога не абяцала. Андрэй вельмі добры чалавек, выдатны зяць. Самы любімы чалавек. Спакойны, уважлівы, разважлівы, добры. Заўсёды дапамагае. Любая цешча марыла б пра такога зяця.
Адкуль у Андрэя зброя я не ведаю. З яго бацькамі мы пакуль камунікавалі толькі на тэму ўнука. Мы пакуль яшчэ ў шоку, не ведаю як гаварыць з імі пра гэта ўсё.
Ці лічу я Андрэя тэрарыстам? Канечне, не».
МГ belsat.eu