Суд пяты раз арыштаваў святара Уладзіслава Багамольнікава, які служыў паніхіду па Раману Бандарэнку


Праваслаўнаму святару Уладзіславу Багамольнікаву 28 кастрычніка пяты раз запар прысудзілі адміністрацыйны арышт. Гэтым разам зноў на 15 содняў, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Уладзіслаў Багамольнікаў.
Фота: minda.by

Уладзіслава Багамольнікава затрымалі 31 жніўня ў сябе дома, падчас затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу выламалі дзверы ў кватэру. На наступны дзень яму прысудзілі 14 содняў адміністрацыйнага арышту. Ён мусіў выйсці 14 верасня, але на яго склалі новы пратакол і дадалі яшчэ 15 содняў. Неўзабаве пасля другога арышту адбыўся трэці – зноў на 15 содняў. 14 кастрычніка яму прызначылі чарговыя 15 содняў.

Агулам ён будзе зняволены 74 содні, калі яго не асудзяць па новай справе.

Уладзіслаў утрымліваецца на Акрэсціна ў складаных умовах, бо для «палітычных» не прымаюць перадачы, не хапае элементарных сродкаў гігіены. Таксама вядома, што ён перахварэў у зняволенне ковідам.

Супраць святара Багамольнікава можа быць распачатая крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у яго дзейнасці»). Пра гэта паведамляў праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы, якія паведамлялі, што святар быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і дасылаў ім інфармацыю ў боты.

Таксама ў тэлеграм-каналах сілавікоў была інфармацыя, што ў Багамольнікава «ёсць шанец стаць падазраваным за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці ў шэрагу крымінальных справаў, ну ці пабіць рэкорд у колькасці содняў адміністратыўнага затрымання».

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў у 2020 годзе маліўся за Рамана Бандарэнку на Плошчы Пераменаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык прыходу менскага сабору Богаяўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы, сябра Епархіяльнага суду Менскай епархіі, выкладчык філасофіі ў Менскай духоўнай акадэміі. У 2020 годзе служыў літыю па забітаму Раману Бандарэнку на плошчы Пераменаў і абвяшчаў галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў