Цягам апошніх двух месяцаў у Беларусі сілавікі арыштавалі кіраўнікоў трох беларускіх сістэмаўтваральных банкаў краіны. Прычынаў ды акалічнасцяў затрыманняў афіцыйна не паведамляюць. «Белсат» сабраў інфармацыю пра гэтыя гучныя арышты.
У сакавіку – красавіку за кратамі апынуліся тры кіраўнікі буйных беларускіх банкаў: 6 сакавіка стала вядома пра арышт дырэктара «Прыёрбанку» Сяргея Касцючэнкі, 29 сакавіка затрымалі кіраўніка Банку БелВЭБ Васіля Мацюшэўскага, а 27 красавіка стала вядома, што за кратамі – кіраўнік «Белінвестбанку» Андрэй Брышцелеў.
Гісторыя з Васілём Мацюшэўскім выглядае найбольш адметна. Банкіра схапілі 29 сакавіка, але ўжо 30 сакавіка вызвалілі. Медыі падрабязна апісвалі сітуацыю з гэтым затрыманнем. Неўзабаве Мацюшэўскага знялі з пасады старшыні банку. Але пасля сустрэчы з Лукашэнкам яго зноў прызначылі на пасаду старшыні Банку БелВЭБ.
«Белсату» таксама вядома, што папярэднічала арышту кіраўніка банку вялікае правяранне фінансавай установы з боку ДФР КДК. Сілавікі масава выклікалі працаўнікоў БелВЭБу на допыты яшчэ ў снежні мінулага года і студзені сёлета.
Галоўная сутнасць прэтэнзіяў да банкіраў, як піша «Наша ніва», – менавіта ІТ-дэпартаменты банкаў. Каб утрымліваць праграмістаў, банкі вымушаныя ўступаць у Парк высокіх тэхналогіяў. Але кантралёры лічаць такія крокі ўхіленнем ад платы ад падаткаў. У выніку банкам выстаўляюць шматмільённыя штрафы.
Крыніцы выдання лічаць, што менавіта гэта стала прычынаю арышту старшыні праўлення «Прыёрбанку» Сяргея Касцючэнкі. Але, як распавялі суразмоўцы «Белсату», арышт кіраўніка банку з аўстрыйскім капіталам мае таксама і палітычныя прычыны. Вядома, што банкіра затрымалі пасля допыту ў КДБ, куды яго запрасілі на размову.
Іначай выглядае сітуацыя з арыштам Андрэя Брышцелева, кіраўніком «Белінвестбанку». Паведамляюць, што банкіра абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 430 КК («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры»). Медыі звяртаюць увагу, што гэта дзяржаўны банк, які дапамагае дзяржаўнаму сектару. Сам Брышцелеў, паводле інфармацыі «Нашай нівы», – пратэжэ Віктара Шэймана.
Адметна, што сёння банкаўская сфера даволі закрытая. Інфармацыя пра арышты, сутнасць абвінавачанняў агучваецца вельмі дазавана. Некаторых звестак крыніцы «Белсату» не могуць агучваць публічна: баяцца наступстваў.
Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што ўвогуле ў нашай краіне цягам апошніх 25 гадоў «справа банкіраў» фактычна ніколі і не спынялася:
«Калі паглядзець на рэнтабельнасць банкаўскай дзейнасці, то яна складае 40–60 %. Відавочна, што банкі маюць грошы, але мусяць фінансаваць дзяржаву. Банкі фінансуюць дзяржаўны сектар, набываюць аблігацыі. Некаторыя аперацыі банкаў у Беларусі так ці інакш, але «крышуюцца» сілавымі структурамі. Здараецца, што нехта з высокапастаўленых сілавікоў сыходзіць, то тады ўзнікае патрэба тэрмінова звольніць месцы для іншых асобаў.
Усё гэта тыповы «modus operandi» беларускага саўка і беларускай таталітарнай сістэмы. У войску звальняюць сяржантаў, афіцэраў, а тут – банкіраў, менеджараў. Таму нічога надзвычайнага ў існай сітуацыі няма. Адбываецца нейкая гульня паміж сілавікамі, намеклатурнікамі».
Агулам стан у банкаўскай сферы сёння даволі складаны праз санкцыі з боку Захаду. Банкі краіны вымушаныя ўводзіць ліміты на аперацыі з валютай. Абмежаванні закранаюць таксама і магчымасці забраць дэпазіты. У некаторых банках свае грошы людзі могуць забраць толькі пасля заявы і праз некаторы час.
Мікалай Каткоў belsat.eu