30 пытанняў да афіцыйнай версіі страляніны на Якубоўскага
30.09.202117:23
Улады Беларусі шматзначна тлумачаць здарэнне, у якім загінулі айцішнік Андрэй Зельцар і баец КДБ, які быў сярод тых, хто ўварваўся ў кватэру Зельцара. Няма адказаў на безліч пытанняў, а некаторыя лічаць відэа пастановачным.
Якая храналогія падзеяў? Што ў які час адбылася? Першая публікацыя пра здарэнне была ў блогера Nexta а 19:37, а 20:19 апрацаванае відэа здарэння публікуе звязаны з дзяржаўным тэлебачаннем і сілавікамі Telegram-канал «Жёлтые сливы». Паводле блогера Антона Матолькі, Зельцар быў у працоўных чатах а 13:30, паведамленне пра раненне супрацоўніка КДБ паступіла а 13:40, у нейкі момант Зельцар тэлефанаваў у міліцыю.
Навошта праўладны канал апублікаваў відэа так хутка, адразу ў дзень здарэння? Навошта наагул публікавалі такое відэа, калі кадры забойства сілавіка могуць справакаваць на яшчэ большы гвалт і дэмаралізаваць сілавікоў? Навошта ставілі відэа забойства рэкламаю на YouTube?
Чаму Зельцар запісваў відэа са сваёй кватэры? Версія прапагандыстаў – «дзеля хайпу», версія «ByPol» – у выпадку чаго даказаць, што не вінаваты. «Дзеля хайпу» можна было б весці жывую трансляцыю.
Навошта Зельцар тэлефанаваў у міліцыю? Версія «ByPol» – паведаміў, што невядомыя ламаюць дзверы ў кватэру, і прасіў дапамогі. Версія дзяржаўнай прапаганды – спачатку Зельцар, потым ягоная жонка «выклікалі міліцыю на сябе», рыхтаваліся страляць па заманеных сілавіках.
Дык сілавікі прыехалі на выклік самога Зельцара ці, як раней заяўлялі Генпракуратура і КДБ, «адпрацоўвалі адрасы, на якіх маглі быць асобы, датычныя да тэрарызму», у сувязі з чым мелі санкцыю на ператрусы? Чаму спачатку ўлады не згадвалі пра выклікі міліцыі, а толькі пасля таго, як інфармацыя пра выклікі трапіла ў сацсеткі?
Чаму жыхары дому на Якубоўскага казалі, што не чулі стрэлаў са стрэльбы, хоць гэта вельмі гучна?
Хто страляў першы? З апублікаванай нарэзкі выглядае, што Зельцар стрэліў дуплетам, калі з калідору крычалі «Страляй!» (бачна на кадрах з пакою), а сілавік у шэрай куртцы стрэліў тройчы за імгненне пасля стрэлаў Зельцара (кадры з калідору). Але з нарэзкі не відавочна, што не быў выразаны нейкі іншы момант, кадраў з пакою зусім мала. З нарэзкі нават не відавочна, што два ракурсы – з адной і той жа кватэры.
Чаму супрацоўніка ў чорнай куртцы не відаць на кадрах з пакою, а толькі на кадрах з вітальні? На кадрах з вітальні ён стаіць у праходзе, а за секунду да таго яго не было відаць у праходзе і ў люстэрку на кадрах з пакою – сляпая зона ў калідоры выходзіць зусім малой. Чаму на відэа з вітальні не відаць Зельцара? За секунду да таго, як на гэтым відэа з’яўляецца кут пакою, Зельцар з таго кута страляў.
Бачна, што відэа таксама здымала жанчына (меркавана, жонка Зельцара). Чаму не публікавалі ейнае відэа?
Чаму відэа змантавалі так, што спачатку бачны твар Зельцара, потым іншы ракурс, а потым толькі рукі кагосьці, хто страляе са стрэльбы? Пры такім мантажы няма пэўнасці, што гэта адзін і той жа чалавек.
Чаму кватэру меркавана «асабліва небяспечнага» штурмавалі толькі праз дзверы, а не праз вокны? Чаму сілавікі без спецыяльнага рыштунку – бронекамізэлек, касак, накаленнікаў, шчытоў? Чаму не ўжывалі святлошумавой гранаты?
Чаму сілавік перад штурмам крычаў «Міліцыя!», калі там быў прынамсі адзін супрацоўнік КДБ? Перад штурмам паказалі дакументы і назвалі прычыну візіту ці толькі крыкнулі «Міліцыя!» і сталі ламаць дзверы?
Чаму сілавікі так нязграбна і непрафесійна заходзяць у кватэру, нібы не вывучалі яе планавання?
Чаму сілавікі не былі гатовыя да таго, што Зельцар меў зброю, хоць яна была афіцыйна зарэгістраваная і Зельцар не ўтойваў яе ў сацсетках? Чаму сілавік у шэрай куртцы дастае пісталет ужо тады, калі зайшоў у кватэру меркавана «асабліва небяспечнага»?
Калі ішлі ўсё ж не да «асабліва небяспечнага», а на руцінны палітычны ператрус, што там рабіў супрацоўнік КДБ, якога «ByPol» ідэнтыфікаваў як байца элітнай групы «А»? У яшчэ двух сілавікоў былі «экзатычныя» мадэлі пісталетаў, якімі звычайныя міліцыянты не карыстаюцца.
Навошта сілавік з камераю ідзе на лінію агню проста падчас страляніны?
Чаму супрацоўнік у шэрай куртцы страляе ў вузкім калідоры, калі проста перад ім стаіць супрацоўнік у чорным (які пазней быў паранены), нібыта не баіцца зачапіць свайго? Ці не ён падстрэліў з пісталета супрацоўніка ў чорнай куртцы?
Чаму сляды крыві на падлозе пад сілавіком не падобныя да таго, што было б ад стрэлу са стрэльбы ва ўпор, але падобныя да ранення з пісталета? Ад стрэльбы было б значна больш крыві.
Як сілавік у чорным мог так бадзёра рухацца пасля трапляння са стрэльбы амаль ва ўпор? На відэа ж хтосьці ў калідоры, хто не трапіў у кадр, страшна крычаў.
Чаму няма слядоў крыві Зельцара? Чалавек у шэрай куртцы тройчы стрэліў і ні разу не патрапіў, а пацэліў толькі супрацоўнік у чорнай куртцы, які страляў пасля і якога падстрэлілі?
Са стрэльбы Зельцара – даволі мала дыму: на відэа стрэлаў з гэтай мадэлі стрэльбы дыму болей. Чаму дыму мала? Можа, Зельцар страляў халастымі ці гумовымі кулямі? Гэта можа патлумачыць малую колькасць дыму і не самую моцную аддачу стрэльбы.
Чаму жанчына на відэа не крычыць, калі страляюць у бок ейнага мужа і потым у ейны бок? Чаму жанчына выходзіць на лінію агню практычна адразу пасля стрэлаў? Чаму пры гэтым не выглядае перапужанай?
У двух фрагментах відэа з пакою вакно спачатку за шторамі, потым без. Навошта шторы адсунулі ў момант, калі ў кватэру ламіліся?
Чаму наагул забяспечаны і жанаты айцішнік, які гадуе дзіця і займаецца спортам, узяўся за стрэльбу? Зельцара нішто і ніхто не характарызуе як агрэсіўнага ды гатовага стаць смяротнікам. Не сакрэт жа, што сілавікі ў Беларусі часта ўзломваюць кватэры для ператрусаў, а пра гучныя ўзломы кватэраў бандытамі даўно не чуваць.
Чаму Зельцар заняў нявыгадную пазіцыю для стральбы, а не схаваўся ад патэнцыйных стрэлаў у адказ? Ці не баяўся Зельцар за жонку і ці не баялася яна сама быць у тым жа пакоі, адкуль Зельцар збіраўся страляць? Чаму жанчына не схавалася ў іншым пакоі?
Чаму ў Зельцара два Instagram-акаўнты, пры тым у адным (створаным у 2012 годзе) пра стрэльбу нічога няма, а ў другім (актыўным з 9 сакавіка 2021 года) два здымкі стрэльбы, апублікаваныя 13 і 14 жніўня?
Ці сапраўды Зельцар загінуў? Інфармацыя пра смерць Зельцара паступае толькі ад дзяржаўных СМІ, а «ByPol» і незалежныя СМІ не маюць ніякіх пацверджанняў ягонай смерці. Можа, мужчына жывы і проста ўцёк?
Чаму жонку падазраюць у суўдзеле, калі яна толькі здымала відэа?
Як Генпракуратура так хутка зладзіла правяранне? Генеральны пракурор сказаў пра гэта апоўдні 29 верасня, на наступны дзень па здарэнні. Чаму Генеральная пракуратура, а не Следчы камітэт?
Чаму ўлады, праўладныя медыі і блогеры не спрабуюць адказаць на гэткую колькасць пытанняў, а толькі пагражаюць і распальваюць варажнечу, блакуюць «Камсамольскую праўду» і пагражаюць «EPAM Systems»?