30 лістапада стала вядома пра затрыманне маці дарадцы Святланы Ціханоўскай у справе моладзевай палітыкі і студэнцтва Маргарыты Ворыхавай.
Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманне адбылося раніцай 30 лістапада ў Наваполацку.
Інэсу Ворыхаву затрымаў АМАП наўпрост на працоўным месцы, пасля гэтага сувязь з жанчынай знікла.
Пазней праваабаронцам стала вядома, што 30 лістапада ці 1 снежна над жанчынай адбудзецца суд. Падставы затрымання і сутнасць абвінавачання пакуль невядомыя.
Нагадаем, што раніцай 28 лістапада па краіне пракацілася хваля пагромаў у дамах праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сілавікі прыходзілі да сем’яў чальцоў Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Вядома пра ператрусы ў кватэрах эканаміста і сябра Каардынацыйнай рады Сяргея Чалага, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, у сябра КР і праваабаронцы Рамана Кісляка, у сябра КР Міхаіла Таўбэ, у колішняга лідара «Маладога фронту» Артура Фінькевіча і прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай.
Раман Шавель belsat.eu