Справу палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйкі перадалі ў суд


Следства ў справе палітзняволенага гарадзенскага журналіста і актывіста Паўла Мажэйкі завершанае, усе справы перададзеныя ў суд, і, верагодна, неўзабаве адбудзецца судовае паседжанне. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Павел Мажэйка. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Вядома, што Паўла Мажэйку абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Ён праходзіць паводле арт. 361-4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Якія менавіта дзеянні ставяць яму ў віну, дагэтуль не вядома.

Яшчэ ў сакавіку Паўлу працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю на тры месяцы. Тады паведамлялі, што следчых дзеянняў з ім не вядуць.

Журналіста затрымалі 30 жніўня 2022 года, калі той прыехаў у Горадню з Польшчы. У той жа дзень у кватэры і ў вясковым доме Паўла адбыліся ператрусы. 20 верасня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным вязнем.

26 красавіка 2021 года на Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асобаў» завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК, нібыта за рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Прычына – дэманстрацыя 19 сакавіка 2021 года на выставе ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта беларускага антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара. Пазней Паўла адпусцілі, бо «зніклі падставы для затрымання».

Павел Мажэйка – стваральнік Цэнтру гарадскога жыцця ў Горадні. У 2022 годзе з ініцыятывы пракуратуры ўстанову зліквідавалі. 25 траўня Паўлу споўнілася 45 гадоў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў