«Міліцыянты зачараваныя злым чараўніком, таму б’юць людзей». Як размаўляць з дзецьмі аб пратэстах


Дзеці гуляюць у амапаўцаў і аўтазакі: ці нармальна гэта? Як тлумачыць дашкольнікам і падлеткам, што адбываецца ў краіне? Ці браць дзяцей з сабою на мітынгі? Пра гэта belsat.eu паразмаўляў з дзіцячымі псіхолагамі.

На мітынгах дзеці бачаць, як фармуецца грамадзянская супольнасць

На мірныя шэсці, ланцугі салідарнасці беларусы выходзяць сем’ямі і бяруць з сабою дзяцей. Улады адрэагавалі запужваннямі і пагрозамі: маўляў, такія бацькі безадказныя, а сем’і – у «сацыяльна-небяспечным становішчы». Ці сапраўды мітынгі нясуць пагрозу самым маленькім чальцам грамадства? Як дзеці перажываюць падзеі, праз якія праходзіць Беларусь цягам апошніх двух месяцаў? На прыкладзе якіх казак тлумачыць палітычныя падзеі і калі ісці да адмыслоўца? Адказы на гэтыя пытанні мы шукалі разам з дзіцячымі псіхолагамі Таццянаю Сініцай і Настассяю Шапель.

Таццяна Сініца

Таццяна Сініца, медычны і спецыяльны псіхолаг, кандыдат псіхалагічных навук, працуе з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі

Нашае грамадства – у надзвычай цяжкай экзістэнцыйнай сітуацыі. Парушаныя два базавыя прынцыпы, якім мы вучым дзяцей з дзіцячага садка: не хлусіць і не біць, не крыўдзіць слабейшых, безабаронных. Дзеці – вельмі чуллівыя. Яны ўсё бачаць і разумеюць, нават калі мы спрабуем нешта схаваць. Таму цяпер, на фоне таго, што адбываецца, нашае заданне як бацькоў – абараніць гэтыя базавыя чалавечыя каштоўнасці. Зрэшты, якраз дзеля гэтага людзі і выходзяць на мірныя мітынгі.

Заклікаць браць з сабою дзяцей я не магу: ясна, што там можа быць небяспечна. Але я разумею тых бацькоў, якія ідуць усёй сям’ёй, і бачу ў гэтым шмат плюсаў.

Женский марш. Минск, Беларусь. 26 сентября. Фото: Алиса Гончар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Па-першае, такім чынам бацькі паказваюць, што лічаць сваё дзіця часткаю грамадства. Мы прызвычаіліся, што, пакуль дзіця малое, няма чаго яму рабіць у «дарослых справах», а меркавання ў яго будуць пытаць, калі падрасце. Але дзіця – гэта паўнавартасны чалец грамадства нават у дашкольным узросце. Проста яно пакуль не можа цалкам зразумець, як працуе грамадства. Ну дык гэтаму мы і мусім вучыць.

Ёсць такі псіхалагічны тэрмін – «кангруэнтнасць». Яе я бачу ў сем’ях, якія выходзяць разам. Там бацькі робяць тое, што адчуваюць, у іх гармонія паміж пачуццямі, словам і дзеяннямі. Яны ўмеюць адстойваць свае прынцыпы і робяць гэта мірным шляхам: ідуць са сцягамі, балонікамі, у добрым настроі, сустракаюць сяброў, частуюць адно аднаго прысмакамі. Унутры такой дэманстрацыі вельмі добрая атмасфера, ведаю гэта з досведу. Такую хвалю добразычлівасці насамрэч рэдка сустрэнеш. І дзеці ў такім мітынгу адчуваюць сябе добра. Бацькі не аддзяляюць іх ад сябе. Яны разам, яны – сям’я, яны перадаюць дзіцяці добрыя, правільныя рэчы.

Марш герояў
Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Такія бацькі давяраюць свету і тым, з кім побач ідуць. Яны вераць, што ўсё будзе добра, што ніхто не будзе біць людзей з дзецьмі. Гэта цалкам нармальная, чалавечая вера ў справядлівасць і чалавечнасць у тым ліку тых, хто на адваротным баку. І гэта добра для дзіцяці – атрымаць досвед такога даверу нават сярод незнаёмых, убачыць грамадзянскую супольнасць. Гэта захаваецца ў іх і будзе іх фармаваць.

З боку дзяржавы цяпер ідуць подлыя маніпуляцыі, калі мы чуем абразы ды абвінавачанні ў бок бацькоў, якія бяруць на мітынг дзяцей. Але будзьце ўпэўненыя: калі вы пакінеце дзіця ўдома, для дзяржавы вы таксама будзеце вінаватымі, маўляў, а хто глядзіць за дзецьмі, пакуль вы ходзіце.

«Аўтазакі адпускаюць людзей і дораць ім кветкі»

Зразумела, хоць мітынгі мірныя, ніхто не гарантуе, што мы не зробімся сведкамі затрыманняў, гвалту. Гэта можа траўмаваць дзіця, выклікаць пытанні. Тут нам на дапамогу прыходзяць казкі. Дзеці вельмі добра ўспрымаюць архетыпныя вобразы дабра і зла, добрай феі і злой вядзьмаркі.

Можна сказаць, што міліцыянты зачараваныя злым чараўніком і таму затрымліваюць ды б’юць людзей. Але прыйдзе добры чараўнік, здыме заклён, і яны зноў будуць абараняць людзей.

Женский марш. Минск, Беларусь. 26 сентября. Фото: Алиса Гончар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У казках дабро заўсёды перамагае зло. Дзіця вучыцца разумець, што ёсць сілы, якія імкнуцца парушыць дабро, але мы можам усё аднавіць, і цяпер мы якраз ідзём і змагаемся за дабро. Дзіця пачынае разумець, што можна не проста схавацца ад зла, а нешта рабіць, каб стала лепш.

Трэба глядзець, у што гуляюць дзеці, і бавіцца разам з імі, бо гульня для дзяцей – спосаб працы са сваёй унутранаю рэчаіснасцю.

Калі дзеці гуляюць у амапаўцаў і аўтазакі, ні ў якім выпадку не трэба крычаць: ты што, перастань, ніякіх аўтазакаў! Так вы пакінеце дзіця з унутраным канфліктам. Пагуляйце разам з ім, дапамажыце яму выруліць сітуацыю на перамогу дабра. Можна пафантазіяваць: напрыклад, чароўнаю палачкаю дакрануцца да амапаўцаў у вашай гульні – і яны стануць добрымі, а аўтазакі пачнуць адпускаць людзей і дарыць ім кветкі.

Тое самае можна рабіць праз малюнак: малюйце разам з дзецьмі, і няхай на паперы перамагаюць дабро ды прыгажосць.

Нядзельнае шэсце
«Народная інаугурацыя» Ціханоўскай. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

З казак магу параіць «Урфін Джус і ягоныя драўляныя салдаты». Таксама рэкамендую паглядзець фільм «Чароўны голас Джэльсаміна». Гэта вельмі тэрапеўтычны фільм для ўсіх. Там вельмі тонка паказваецца нашая сітуацыя: кароль-хлус, якога абараняюць паліцыянты, але ў выніку замак караля руйнуецца, і ён злятае верталётам.

Ці, напрыклад, «Чыпаліна» вельмі добра кладзецца на нашую сітуацыю. У нас увогуле адбываецца культурна-этычная, нават эстэтычная рэвалюцыя. Якую мы цяпер ні возьмем кнігу ці песню, яна дзіўным чынам адлюстроўвае нашую краіну. Мы цяпер у сітуацыі класічнага супрацьстаяння дабра і зла, шмат разоў апісанага ў літаратуры.

Важна: калі бацькі разумеюць, што самі не спраўляюцца з сітуацыяй, вельмі моцна перажываюць, нервуюцца, баяцца, то, перш за ўсё, ім самім трэба звярнуцца па дапамогу. Галоўнае, каб дарослы быў устойлівым, бо дзеці добра скануюць наш стан і сілкуюцца нашымі эмоцыямі.

Настасся Шапель

Настасся Шапель, дзіцячы псіхолаг

Я не ўхваляю прысутнасці дзяцей на мітынгу, бо там няма ніякай гарантыі бяспекі нават для дарослых. А калі дзіця стане сведкам агрэсіі, гвалту, гэта падарве ў яго базавую патрэбу чалавека – патрэбу ў бяспецы.

Уплывае на дзяцей і агульны фон мітынгаў: там шмат адрэналіну, эмоцыяў, якія дзецям яшчэ цяжка ператравіць. Таму лепш дзяцей ад гэтага ўсцерагчы. Зразумела, што бацькам бывае цяжка стрымаць 14–15-гадовых падлеткаў. Што зразумела, бо падлеткавы ўзрост – гэта бунт і пратэст сам па сабе. Яны ў любым выпадку пратэставалі б – у школе ці ўдома. А так яны ідуць на мітынг. Часта да канца не разумеючы сваіх матываў.

Нядзельнае шэсце
«Народная інаугурацыя» Ціханоўскай. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

З падлеткамі трэба размаўляць, падштурхоўваць да рэфлексіі, пытаць іхнае меркаванне. Калі мы будзем навязваць свой пункт погляду, то сутыкнёмся з пратэстам.

З малымі дзецьмі працуе правіла: ёсць пытанне – ёсць адказ. Калі дзіця нешта цікавіць – яно задае пытанне, і роўна настолькі, наколькі яно пытае, мы адказваем, не развіваючы тэмы. Дзіця пытаецца, што гэта. Адказваем: ідзе марш. І ўсё. Калі больш няма пытанняў – няма і адказаў. Дзіця пытаецца далей, чаму людзі ідуць. Тлумачым: бо яны не згодныя з вынікамі выбараў, бо іх падманулі. Часцей за ўсё, дзецям гэтага дастаткова.

Заданне бацькоў – бяспека дзіцяці. Зразумела, што мы сёння ўсе не ў поўнай бяспецы: мы можам ісці па горадзе і ў любы момант зрабіцца сведкамі гвалту. У такім выпадку мы абавязаныя вывесці дзіця з гэтага месца і запэўніць яго, што мы не дазволім нікому зрабіць яму нешта дрэннае.

Парады
Крызісны псіхолаг: Калі пасля арыштаў і катаванняў будзе перамога, людзі перажывуць боль лягчэй
2020.08.29 09:00

Дзіця можа хвалявацца за бацькоў, пытаць, што рабіць, калі цябе забяруць. Дайце яму дакладную інструкцыю, што рабіць, калі, напрыклад, органы апекі прыйдуць забіраць яго са школы, каму з родных паведаміць. Запэўнівайце дзіця: у мяне ўсё будзе добра, мне ёсць да каго звярнуцца па дапамогу, а тваё заданне – паведаміць бабулі/дзядулю, каб яны па цябе прыехалі.

Міліцыянт не хавае твару, усе астатнія – бандыты

Зразумець і перажыць падзеі дзецям дапамагае гульня. І нармальна, што яны цяпер гуляюць у амапаўцаў, аўтазакі, затрыманні. Пасля вайны дзеці гулялі ў немцаў і расейцаў. У гульні дзіця можа кантраляваць сітуацыю, на якую ў рэчаіснасці не мае ўплыву.

Не трэба дзецям хлусіць. Кажыце так, як ёсць насамрэч. Што сапраўдны міліцыянт – той, хто ахоўвае закон і не хавае твару. Калі чалавек закрывае твар, не мае апазнавальных знакаў – значыць, ён робіць нешта не тое, яго нельга называць міліцыянтам. Гэта трэба тлумачыць і не баяцца падарваць даверу дзяцей да міліцыі: гэта робім не мы, гэта ўжо зрабіла дзяржава. Мы кажам: глядзі, ёсць участковы міліцыянт, ён сочыць за парадкам у сваім раёне, каб тут нічога не здарылася. І ён у выпадку чаго прыязджае, называецца, кажа сваю пасаду, нумар – такі міліцыянт сапраўды за бяспеку. А ўсе тыя, што робяць інакш і бʼюць людзей, – бандыты. І не трэба тут нічога прыдумляць: гэты падзел не мы з вамі прыдумалі.

Нядзельнае шэсце
«Народная інаугурацыя» Ціханоўскай. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Цудоўны тэрапеўтычны сродак – казкі. Той жа «Тараканішча» Чукоўскага дакладна адлюстроўвае нашую сітуацыю, калі таракан абвяшчае сябе галоўным, усе зверы пужаюцца, а потым некаторыя перастаюць баяцца. «Гары Потэра» можна чытаць. А можам і самі складаць казкі ды абыгрываць у іх сітуацыі, якія найбольш хвалююць менавіта нашае дзіця.

Безумоўна, калі бацькі заўважаюць у паводзінах дзіцяці асаблівасці, якіх не было раней, кшталту начных кашмараў, страхаў за сябе ці бацькоў, зніжэнне паспяховасці, трэба звяртацца да псіхолага.

НА belsat.eu

Стужка навінаў