Жыхар Менску Дзмітрый Украінцаў з 11 жніўня ў шпіталі. Лекары дасталі з яго лёгкага гумавую кулю. Сілавікі стралялі ў юнака ва ўпор. Хлопец застаўся жывы толькі таму, што ў аўтазаку, куды яго параненага закінулі амапаўцы, знаходзіўся раней схоплены лекар, які і аказаў Дзмітрыю медычную дапамогу.
Бацька Дзмітрыя Украінцава Ігар распавёў «Белсату», што яго сын ужо адносна добра сябе пачувае і рыхтуецца да выпіскі са шпіталя. Родныя спадзяюцца, што неўзабаве ён будзе дома.
«Разам са старшым братам і сябрам Дзмітрый 9 жніўня паехаў на машыне ў раён Каменнай горкі, там дзе крама «Green». Старэйшы сын выставіў з аўтамабіля бел-чырвона-белы сцяг. І вось хлопцы зрабілі два колы ў гэтым раёне. А калі яны збіраліся з’язджаць, то спыніліся насупраць крамы, каб пачакаць машыну сваіх сяброў. І ў гэты момант іх машыну заблакавалі сілавікі, якія былі на мікрааўтобусе. Амапаўцы пачалі біць шкло ў аўтамабілі і стралялі ў хлопцаў», – распавядае Ігар Украінцаў, бацька параненага хлопца.
«Дзмітрый распавядаў, што калі б не павярнуўся, калі пачалі біць вокны, то загінуў бы. Ён пачуў удары і скочыў з пярэдняга сядзення ў зад машыны і павярнуўся спіной. У гэты момант і адчуў моцны ўдар у спіну. Але гэта быў не ўдар, а стрэл. Прычым стралялі сілавікі ў чалавека без зброі і зусім безабароннага проста ва ўпор».
«Сілавікі павыцягвалі пасажыраў машыны і пацягнулі ў аўтазак. Дзмітрый казаў, што людзей закідвалі як мяхі з бульбай. Малодшы сын распавядаў, што адчуў сябе ў пэўны момант вельмі кепска, пачаў губляць свядомасць. І пачаў крычаць. Старэйшы сын таксама падняў паніку, крычаў, што ягонаму брату кепска. І толькі дзякуючы лекару, які быў у гэты момант у аўтазаку, сына выратавалі. Ён аказаў першую дапамогу і настойваў на выкліку хуткай дапамогі (Belsat распавядаў раней пра гэтага медыка). На шчасце побач праязджалі валанцёры – лекары, якія паставілі першую кропельніцу і выклікалі хуткую».
«Сына даставілі ў прыёмнае аддзялення 10-й больніцы. А там ужо лекары пабачылі, што рана ў хлопца вельмі сур’ёзная. І яго адразу ж павезлі на аперацыйны стол. Аперацыя была даволі складаная, бо куля прабіла лёгкае. У дадатак у яго зламанае рабро. Сіла стрэлу была такая, што і нават рабро зламала. Бо стралялі ва ўпор. Аперацыя цягнулася амаль дзве гадзіны».
«Некалькі дзён Дзмітрый праляжаў у рэанімацыі, а пазней яго перавялі ў звычайнае аддзяленне. Але медыкі кажуць, што паколькі рана не роўная, не парэз, а з парванымі краямі, таму зажываць будзе даволі доўга. Нам неабходная яшчэ некаторы час застацца ў шпіталі пад назіраннем».
«Старэйшы сын звязаўся з юрыстам, яны склалі заяву ў Следчы камітэт. Але юрыст парэкамендаваў не ісці самому да следчых, а накіраваць па пошце зварот, паколькі могуць там пасадзіць у кабінет і затрымаць. А гэтага насамрэч не хацелася б. Два разы да Дзмітрыя прыходзілі следчыя і падрабязна апытвалі яго. Але на гэтым закончылася. Таму цяпер проста чакаем рэакцыі з боку СК, не ведам, у які бок яны нахіляцца. Але выглядае, што зразумела ў які бок. Наагул існуе перасцярога, што яшчэ ў гэтай сітуацыі могуць абвінаваціць сына. Ім жа трэба неяк абгрунтаваць прымяненне зброі. Мы ж дарослыя людзі і разумеем сітуацыю. Іх прыкрывае сістэма. Тым больш іх жа ўзнагародзілі ўжо. Можа не іх асабіста, але тым не менш. Грамадству паказалі на чыім баку ўлада. Праўда, адвакат нам распавёў, што гэтыя злачынствы сілавікоў не маюць тэрмінаў даўнасці і справы могуць распачаць у любы момант».
За час мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, паводле звестак МУС, затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Паводле афіцыйных звестак МУС, у ноч з 9 на 10 жніўня сілавікі затрымалі каля 3000 чалавек, у ноч з 10 на 11 – больш за 2000, у ноч з 11 на 12 – больш за 1000, і яшчэ каля 700 – у ноч з 12 на 13. Затрыманні працягваліся і пазней, але ўжо не былі такімі масавымі. На вечар 18 жніўня заставаліся 44 адміністрацыйна арыштаваных пратэстоўцы.
Сяргей Ягораў belsat.eu