ЦВК Кыргызстану прызнала парламенцкія выбары несапраўднымі
06.10.202012:49
Жыхары Бішкеку прыбіраюць тэрыторыю каля Белага дому, дзе месцицца Адміністрацыя прэзідэнта і парламент Кыргызстану, якія былі захопленыя ўдзельнікамі пратэстаў супраць вынікаў парламенцкіх выбараў у Кыргызстане.
Фота: Abylai Saralayev / TASS / Forum
ЦВК Кыргызстану прызнала парламенцкія выбары несапраўднымі, паведамляе ТАСС са спасылкаю на прэс-службу ЦВК Кыргызстану.
ПРАТЭСТЫ ПАСЛЯ ВЫБАРАЎ У КЫРГЫЗСТАНЕ. ШТО ВЯДОМА НА ДАДЗЕНЫ МОМАНТ
4 кастрычніка прайшлі выбары ў парламент Кыргызстана – Жагорку Кенеш. Па папярэдніх афіцыйных дадзеных, большасць галасоў атрымалі прапрэзідэнцкая партыя «Бірымдык» («Адзінства») і «Мекенім Кыргызстан» («Мая радзіма — Кыргызстан»), звязаная з кланам Матраімавых.
5 кастрычніка на плошчы Ала-Тоа каля Белага дома (тут знаходзіцца парламент і адміністрацыя прэзідэнта) прайшоў мітынг апазыцыі з патрабаваннем скасаваць вынікі выбараў. Мітынг разагналі сілавікі, пасля чаго ў горадзе адбываліся сутыкненні пратэстоўцаў і міліцыі.
Супраць дэманстрантаў сілавікі выкарысталі светлашумавыя гранаты, вадамёты і газ. Адзін паранены памёр, 13 пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што шпіталізаваныя 130 чалавек, дзясяткі атрымалі амбулаторную дапамогу.
Пратэстоўцы з другой спробы змаглі захапіць Белы дом. Таксама яны захапілі будынак мэрыі Бішкека і Генпракуратуры.
З прычыны пратэстаў з СІЗА адпусцілі экс-прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева, а з калоніі — былога дэпутата Садыра Жапарава.
Акцыі пратэсту працягваюцца 6 кастрычніка ў многіх рэгіёнах краіны. Кіраўнікі трох абласцей з сямі сышлі ў адстаўку.
Пачаліся перамовы аб фарміраванні часовага кабінета міністраў.