Беларусаў гоняць у пастку


Пакуль шанцаў на дэмакратыю не відаць, а на радзіму з эміграцыі вернуцца не болей за 5 % беларусаў. Так лічыць Аляксандр Кныровіч. Беларусы ўпартыя, а Беларусь чакае пераможнае адраджэнне – мяркуе Вячаслаў Сіўчык. Хто з іх мае рацыю?

«Пры сённяшняй уладзе і пры той гуманітарнай катастрофе і тэроры, якія ёсць у Беларусі, вяртацца – гэта ісці ў закладнікі рэжыму. Гэтага нельга рабіць», – падкрэслівае палітык Вячаслаў Сіўчык.

«Наогул дыяспара мае адну з галоўных задачаў – гэта рыхтавацца да вяртання ў Беларусь, бо інакш з нашай краінай будзе вельмі цяжка. Я глыбока перакананы, што беларускі народ вытрымае, і што Расейскай Федэрацыі хутка не будзе, яна разваліцца, як бы зараз не спрабавалі на Захадзе ўтрымаць гэтую краіну штучна. І ў беларусаў узнікае шанец, усё будзе залежыць ад колькасці людзей, якія будуць працаваць на Беларусь. Таму трэба рыхтаваць сябе да вяртання, хаця будуць яшчэ вельмі трагічныя падзеі», – гаворыць Вячаслаў Сіўчык.

Сёння пытанне вяртання ў Беларусь – гэта пытанне даверу, зазначае Аляксандр Кныровіч: «Давярае чалавек той уладзе, якая збівае, якая саджае за краты, якая знішчае эканоміку, ці не давярае». Тыя, хто з’ехаў з Расеі пасля прыходу да ўлады бальшавікоў і вырашыў вярнуцца, у выніку былі знішчаныя. Кныровіч кажа, што з Беларусі праз палітычны пераслед зʼехалі 200–300 тысяч чалавек. Але чаму менавіта цяпер, праз 2,5 года пасля пачатку задушаных пратэстаў, рэжым Лукашэнкі загаварыў пра неабходнасць вяртання тых, хто эміграваў?

Вячаслаў Сіўчык тлумачыць гэта патрэбай эканомікі («затыкаць дзіркі»), пры гэтым заклікае не паддавацца, бо шлях можа быць у адзін канец, рэпрэсіі не абмінуць. У той жа час пасля дэмакратычных зменаў у Беларусі, лічыць Сіўчык, варта вярнуцца. І называе пазітыўным прыкладам вяртанне з эміграцыі ўцекачоў з Цэнтральнай Расеі ў Заходнюю Беларусь пасля Першай сусветнай вайны. Але Аляксандр Кныровіч заўважае, што вяртанне не стане масавым.

«Чаму я кажу пра 5 %? Бо ёсць 5 % актыўных грамадзянаў – гэта палітычная эліта. Гэта грамадскія актывісты, гэта прадпрымальнікі. Можа, таму, што зʼехала інтэлігенцыя, у нашым становішчы гэта не 5 %, а 10 %… У іх будзе выклік, у іх будзе вялікае жаданне вярнуцца на радзіму і будаваць нешта там на месцы», – кажа Кныровіч. 95 % людзей не паедуць у Беларусь.

Як выказваюцца самыя беларусы пра магчымае вяртанне ў Беларусь? Чаму ў 1991 годзе з першай хвалі эміграцыі ў посткамуністычную Беларусь вярнуліся толькі адзінкі? Якое стаўленне тых, хто застаўся ў Беларусі, да тых, хто зʼехаў? Ці пашыраецца лінія разлому? Ці будзе ў новай Беларусі праграма для вяртання беларусаў, якія з’ехалі?

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Аляксандр Кныровіч, прадпрымальнік і блогер

Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам»

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube