Дапамога ад гледачоў «Белсату» і сяброў – неацэнная


Ніна забрала сына і з’ехала ў Варшаву на аўтобусе, без падрыхтоўкі, скокнуўшы ў нікуды. Было патрэбнае жытло, медычнае абследаванне, бо Ніна магла нечакана згубіць прытомнасць. Яе падтрымала беларуская салідарнасць.

Ніна – мастачка. Яна перамагла рак і перажыла цяжкі развод. Падчас пратэстаў 2020 года яна падтрымлівала людзей, пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў. У выніку яе двойчы судзілі, але яна здолела пакінуць краіну – у яе склалася ўражанне, што ёй далі з’ехаць.

У Варшаве Ніна марыла знайсці жытло сабе, сыну Мірону і спаніелю Хлоі, стварыць групу, каб выкладаць мастацтва дзецям, і галоўнае – зрабіць абследаванне галаўнога і спіннога мозгу. Мастачка хварэла, ёй адымаліся нага і рука, яна магла ўпасці, страціць прытомнасць. Яшчэ ў Менску было падазрэнне, што яна хворая на рассеяны склероз.

Нашыя гледачы сабралі грошы на кватэру Ніне ў цудоўным раёне і на МРТ з кантрастам галаўнога і спіннога мозгу. Хтосьці пераводзіў невялікія сумы, хтосьці – палову месячнае аплаты за кватэру. Праз гэтае падтрыманне і дапамогу сяброў нашая гераіня пачулася часткаю вялікае сям’і.

«Насамрэч я думаю, што самая важная рэч, якую мы вынайшлі ў 2020 годзе, гэта салідарнасць. І гэта і ёсць тая рэч, каштоўнасць, якую мы прыдумалі тады. Гэта не старая нейкая каштоўнасць, не гістарычная рэч. Гэта тое, што кожны з нас адчуў і на чым можна грунтавацца», – мяркуе Ніна.

Пакуль нашая гераіня чакала вынікаў даследавання, яна перажыла важны для сябе досвед – пераадолела жах смерці, з якім сутыкнулася яшчэ ў Беларусі.

Падрабязней пра дапамогу Ніне ад нашых гледачоў, а таксама ейныя развагі пра перажытыя трывогі – у нашым матэрыяле.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.