Сям’ю выключылі з конкурсу шматдзетных сем’яў Маскоўскага раёну сталіцы. За беларускую мову і за тое, што тата сядзеў за нацыянальны сцяг.
Летась да нас звярнулася Алена, якая засталася цяжарная, без сродкаў для існавання, з пяццю дзецьмі на руках, калі мусіла ехаць нараджаць шостага. Сужэнцу Алены Ігару зламалі плячо і кінулі за краты без дай прычыны.
Але беларусы не пакідаюць сваіх. Нашыя неабыякавыя гледачы здзейснілі нешта надзвычайнае для сям’і Валковічаў – і стварылі цуд для ўсёй іхнай сям’і!
Мы вярнуліся да нашых герояў, каб даведацца, як яны жывуць цяпер.
Узорную сям’ю Валковічаў запрасілі на конкурс шматдзетных сем’яў Маскоўскага раёну сталіцы. Яны заўжды бралі ўдзел у сямейных конкурсах – і з радасцю пагадзіліся. Нават першыя падалі заяўку, якую імгненна ўхвалілі. А за дзень да самога конкурсу сям’і паведамілі, што ім адмаўляюць ва ўдзеле.
«Мы вельмі рыхтаваліся і чакалі конкурсу, прыдумалі і вывучылі песні і вершы на беларускай мове, нам так хацелася падкрэсліць, што мы дружная беларуская сям’я, у якой усе падтрымліваюць і дапамагаюць адно аднаму», – наперабой расказваюць дзеці.
«Нам адмовілі, і гэта было вельмі прыкра – мы звязваем адмову з тым, што мы адзіныя хацелі выступаць па-беларуску. І з тым, што муж незаконна быў затрыманы, адседзеў і быў пакалечаны сілавікамі», – кажа Алена, маці сям’і.
Але Алена не склала рук – і вырашыла звярнуцца на наш канал. Ёй было важна, каб намаганні дзяцей не былі марныя – і іх пачула ўся Беларусь.
«Белсат» – гэта вялікая аўдыторыя, вы нас падтрымлівалі і раней, і цяпер мы б хацелі, каб нас і нашых дзяцей пачулі», – узрушана дзеліцца ўражаннямі тата Ігар.
Таксама пасля затрымання Ігара сям’я нясе матэрыяльныя страты. І Ігар вымушаны шукаць новую працу, каб забяспечыць блізкіх. Але ніхто з іх не падае духам, не нудзіцца, бо ведае, што навокал ёсць шмат выдатных людзей – якія дапамогуць і падтрымаюць.
На іхны сямейны канцэрт з’ехаліся і іншыя шматдзетныя сем’і на запрашэнне Алены – атрымалася сапраўднае сямейнае свята.
Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), – звярніцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com
І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.