У праграме «Шчыра кажучы» разбяром слабыя і моцныя бакі забастовак. Чаму рабочыя не выйшлі масава страйкаваць? Які далейшы план датычна страйкаў у Каардынацыйнай Рады на чале з Ціханоўскай?
Народны ўльтыматум, абвешчаны Святланай Ціханоўскай, спрацаваў часткова. На дзяржаўных заводах да рашучых дзеянняў перайшлі толькі асобныя групы рабочых. Уражаннямі дзеліцца лідар страйкаму Менскага трактарнага заводу, сябра Каардынацыйнай рады Сяргей Дылеўскі:
«Калі быў першы страйк на заводзе, дырэктар папрасіў выйсці чалавек 20 ад народу, сярод якіх быў і я. Ён пачаў уціраць нейкую бязглуздзіцу, што палітычныя пытанні вырашаюцца за плотам. Мяне гэта абурыла».
Першая спроба зладзіць агульнанацыянальны страйк пасля прэзідэнцкіх выбараў у сярэдзіне жніўня хаця і была больш маштабнай за кастрычніцкую, але таксама захлынулася праз некалькі дзён.
«Калі мы будзем разумна падтрымліваць рабочых, інфармацыйна, фінансава, то людзей, якія будуць баставаць у адкрытую, будзе станавіцца больш. Мой прагноз такі, што паўнавартасны махавік забастовак можам запусціць на працягу 2–3 тыдняў», – дадае Сяргей Дылеўскі.
Адзіночныя страйк-пратэсты адбываюцца на дзяржаўных прадпрыемствах рэгулярна. Майстар-падрыўнік «Беларуськалію» Аляксандр Курбан – адзін з тых гарнякоў, хто ў кастрычніку прыкуў сябе ланцугом у шахце на глыбіні паўкіламетра і адмовіўся падымацца на паверхню.
«Кватэра гэтая бацькоўская, езджу я на аўтамабілі 2001 года. Калі хто-небудзь думае, што мы, працуючы ў шахце ў вельмі складаных умовах (я прапрацаваў у шахце 20 гадоў), грабем грошы лапатамі… Так, забойная група атрымлівае. Але ў іх праца пякельная. Там 40 градусаў спёкі, там няма паветра, там запыленасць. Шахцёр, які выходзіць на пенсію, жыве ў сярэднім 2–3 гады».
Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:
Калаж з фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum