«Кіберпартызаны» зладзілі кібератаку на прадпрыемства «Горадня Азот». Вялізны масіў звестак будзе адноўлены, калі ўлады вызваляць палітзняволеных працаўнікоў прадпрыемства, а таксама 75 палітвязняў з кепскім здароўем.
«З 2020 года кіраўніцтва «Горадня Азот» удзельнічае ў здзеках, ціску і палітычных рэпрэсіях у дачыненні працаўнікоў прадпрыемства. Мы не забылі карныя рэйды, даносы і масавыя звальненні. Цяпер вашая чарга расплачвацца», – гаворыцца ў паведамленні «Кіберпартызанаў».
Ім удалося зашыфраваць унутраную пошту, дакументаабарачэнне і звесткі з соцень працоўных камп’ютараў, знішчыць бэкапы базаў звестак, сервераў, пошты, дакументаабарачэння, узламаць сістэмы аховы і камеры назірання, а таксама парушыць працу кацельнага цэху.
«Стаўкі павышаюцца. Каб аднавіць звесткі, давядзецца дыктатару вызваліць усіх палітвязняў «Горадня Азот» плюс 75 палітвязняў з найгоршым станам здароўя (на нашае меркаванне)», – выставілі ўльтыматум «Кіберпатызаны».
У іншым выпадку, абяцаюць яны, «стаўкі будуць павышаныя яшчэ больш».
Нагадаем, што напярэдадні Новага года кіберпартызаны ўзламалі сайт прапагандысцкай кампаніі БелТА, на якім размясцілі віншаванні беларусаў з Новым годам ад удзельнікаў кібергрупоўкі і заклік «Жыве Беларусь!».
Ася Саковіч belsat.eu