Напярэдадні візіту беларускай дэлегацыі ў Пхеньян на сайце Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі (ЦТАК) з’явілася навіна пра ўзнагароджанне беларускага навукоўца ўладамі Паўночнай Карэі.
Згодна з паведамленнем, вучоная ступень доктара грамадска-палітычных навук КНДР нададзеная загадчыку кафедры Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі Беларусі.
«Ён растлумачыў і даказаў правату і выдатнасць самабытных ідэй і палітыкі нашай краіны, заснаваных на традыцыях рэвалюцыйнай адукацыі, якія стварыў вялікі правадыр таварыш Кім Ір Сэн», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
Цырымонія надання звання адбылася 15 красавіка ў Мансудэскім палацы з’ездаў. У цырымоніі ўзялі ўдзел намеснік прэмʼер-міністра КНДР Чон Сын Гук, намеснік старшыні Карэйскага таварыства дзеячаў грамадскіх навук Пак Чхоль Чжун, кіроўныя работнікі Дзяржаўнай атэстацыйнай камісіі і Карэйскага таварыства дзеячаў грамадскіх навук, чальцы дэлегацыі арганізацыяў вывучэння ідэяў чучхэ (мясцовай ідэалогіі) з розных краінаў.
Імя навукоўца не называецца. Але на сайце Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі пад гэтае апісанне падыходзіць Сяргей Дзявятых, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў і аграбізнесу. Напрыклад, у 2017 годзе ён ладзіў у акадэміі выставу «Паўночная Карэя: далёкая і блізкая», а летась разам са студэнтам факультэту ветэрынарнай медыцыны наведваў дыпламатычны прыём у амбасадзе КНДР у Менску.
Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, Дзявятых у 1989 годзе скончыў зоаінжынерны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытуту (цяпер акадэмія), у 2000 годзе – філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту паводле спецыяльнасці «настаўнік расейскай мовы і літаратуры», у 2018 годзе – Міжнародны ўніверсітэт МІПСА паводле спецыяльнасці «прававое рэгуляванне замежнаэканамічнай дзейнасці»; магістр правазнаўства.
Ён чалец Расейскага псіхалагічнага таварыства і Расейскага геаграфічнага таварыства, з 2017 года – ганаровы чалец Саюзу журналістаў КНДР.
Нагадаем, 16 красавіка ў Пхеньян прыбыў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Яўгеній Шастакоў. Беларускія дзяржаўныя медыі не паведамлялі пра гэта, але пра візіт распавяло ЦТАК.
Макар Мыш belsat.eu