У Фаніпалі за пратэсты-2020 затрымалі 22-гадовую дзяўчыну


Следчы камітэт сцвярджае, што шляхам аналізу наяўных у справе фота- і відэаматэрыялаў выявілі чарговага ўдзельніка пратэстаў у Фаніпалі ў 2020 годзе.

Затрымалі 22-гадовую студэнтку сталічнай ВНУ.

Паводле СК, падчас допытаў дзяўчына патлумачыла, што ў жніўні 2020 года «паддалася радыкальнаму настрою» і надумала выйсці на акцыю пратэсту, інфармацыю пра якую даведалася з мясцовага тэлеграм-каналу. Дзяўчыне на той момант было 18 гадоў, яна «не зусім разумела сэнсу гэтых акцыяў і тым больш не думала, што гэта пацягне за сабою крымінальную адказнасць».

Як зазначаецца ў прэс-рэлізе, відавочным прыкладам «недальнабачнасці» стаўся той факт, што дзяўчына пасля ўдзелу ў пратэстах у 2020 годзе «працягнула вучыцца ў ВНУ, дзе магла быць скіраваная на перспектыўнае стажыяванне за мяжой». Імаверна, СК такім чынам наракае на тое, што дзяўчына не з’ехала з Беларусі.

Жыхарцы Фаніпалю выставілі абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 342 («Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК.

У СК сцвярджаюць, што ўсяго следчыя выявілі 54 абвінавачваных, якія маюць дачыненне да масавых пратэстаў у Фаніпалі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў