«Вот Так» — «замежны агент». Што гэта значыць для чытачоў і гледачоў?


26 студзеня, Мінюст РФ унёс праект «Вот Так» у рэестр «замежных агентаў». Туды трапілі сайт, Youtube-каналы і сацыяльныя сеткі праекту. Як новы дыскрымінацыйны статус паўплывае на працу нашых калег, чытачоў і герояў публікацый, разбіраліся разам з юрыстамі Цэнтра абароны правоў СМІ.

Калаж: «Вот Так»

За што «Вот Так» унеслі ў реестр «замежных агентаў»

Мы не ведаем. У афіцыйным лісце, атрыманым рэдакцыяй ад Мінюсту, не ўдакладняюцца падставы, па які «Вот Так» (уваходзіць у медыяхолдынг «Белсат») абвешчаны «замежным агентам». У пятнічным прэс-рэлізе міністэрства адзначалася, што праект «распаўсюджваў недакладную інфармацыю аб прымаемых органамі публічнай улады Расейскай Федэрацыі рашэннях і праводзімай імі палітыцы, прымаў удзел у стварэнні і распаўсюджванні для неабмежаванага кола асоб паведамленняў і матэрыялаў замежных агентаў. Выступаў супраць спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне. Заснавальнікам праекту з’яўляецца замежная медыякарпарацыя».

З першых дзён расейскага ўварвання ва Украіну «Вот Так» штодня асвятляе тое, што адбываецца, называючы рэчы сваімі імёнамі. Мы адмаўляемся называць вайну «спецаперацыяй» і публікуем матэрыялы пра ваенныя злачынствы расейскіх вайскоўцаў.

«Вот Так» адным з першых пагутарыў з ацалелым у час расейскай акупацыі жыхаром Бучы. Нашыя карэспандэнты рабілі рэпартажы са зруйнаванага расейцамі Марыупалю, распавядалі з месца падзеяў пра арганізацыю незаконных выбараў у акупаваным Бярдзянску. Журналісты «Вот Так» асабіста праехалі маршрутам з Расеі ў анексаваны Крым праз «новыя тэрыторыі» і распавялі пра тое, што там адбываецца. Таксама нам удалося пабываць на рэжымным аб’екце ў Падмаскоўі, дзе камплектуюць вайсковую форму і збіраюць бронекамізэлькі для расейскіх вайскоўцаў. За некаторыя з гэтых працаў мы атрымалі незалежныя прэміі або былі іх намінантамі.

З 6 сакавіка 2022 года сайт «Вот Так» у Расеі заблакаваны Раскамнаглядам па патрабаванні Генпракуратуры РФ праз распаўсюджванне навін пра расейскае ўварванне. Нягледзячы на гэта, матэрыялы выдання працягваюць штомесяц чытаць сотні тысяч карыстальнікаў, а на Youtube-канале праграмы «Вот Так» больш за мільён падпісчыкаў.

Насуперак усім пастановам расейскіх уладаў «Вот Так» працягвае распавядаць сумленныя і важныя навіны з Расеі, Украіны, Беларусі, а таксама іншых постсавецкіх і еўрапейскіх краін.

Як працуе закон

З 1 снежня 2022 года Мінюст вядзе адзіны рэестр «замежных агентаў». Па вызначэнні ведамства, «замежны агент» – гэта асоба, якая атрымала падтрымку з-за мяжы, знаходзіцца «пад замежным уплывам» і займаецца на тэрыторыі РФ палітычнай дзейнасцю, зборам звестак у ваеннай або ваенна-тэхнічнай сферы, а таксама распаўсюджваннем інфармацыі. У рэестр Мінюсту могуць трапіць любыя арганізацыі (уключна з замежнымі), грамадскія абʼяднанні і фізічныя асобы з любым грамадзянствам.

Ад «замежных агентаў» патрабуюць паведамляць пра свой статус сваім супрацоўнікам, органам публічнай улады. Таксама арганізацыі і людзі з такім статусам павінны маркіраваць кантэнт, які яны вырабляюць.

Паводле расейскага заканадаўства, «замежныя агенты» не могуць займацца асветніцкай дзейнасцю для непаўналетніх, удзельнічаць у дзяржзакупах і атрымліваць дзяржпадтрымку. Поўны пералік абмежаванняў можна ўбачыць у артыкуле 11 ФЗ.

Што значыць для супрацоўнікаў

Усе супрацоўнікі «СМІ-замежнага агента» у тэорыі лічацца ўдзельнікамі такой арганізацыі. На думку незалежных юрыстаў, на іх таксама павінны распаўсюджвацца патрабаванні, што прадʼяўляюцца да «замежных агентаў» – маркіроўка пастоў, справаздачнасць. Аднак, згодна з законам, звесткі пра ўдзельнікаў павінны публікавацца ў агульнадаступным рэестры.

Новая студыя Белсату
Лола Бурыева.
Фота: Белсат

У выпадку з «Вот Так» у калонцы «ўдзельнікі» Мінюст паказаў двух чалавек — былую галоўную рэдактарку сайта «Вот Так» Лолу Бурыеву, якая не працуе з праектам амаль год, і дзейнага шэф-рэдактара парталу Максіма Шыліна. Згодна з законам, удзельнікі «замежнага агента» таксама павінны суправаджаць ўсе матэрыялы адмысловай пазнакай — за парушэнне гэтага патрабавання прадугледжваецца адміністрацыйнае пакаранне. Як распавялі «Вот Так» у Цэнтры абароны правоў СМІ, судовая практыка налічвае не менш за тры такія справы.

Мінюст таксама вядзе закрыты спіс асоб, «афіляваных» з «замежнымі агентамі». Хто ў яго ўваходзіць – невядома. Трапіць у гэты рэестр могуць усе супрацоўнікі арганізацый-замежных агентаў, уключаючы фрылансераў. На іх (прынамсі, пакуль) не распаўсюджваюцца патрабаванні, звязаныя са статусам «замежнага агента».

Што значыць для чытачоў

Ніякай адказнасці за чытанне, падпіску ці рэпост матэрыялаў «замежнага агентаа» законам не прадугледжана. Таксама звычайным карыстальнікам не трэба паказваць «замежна-агенцкага» статусу медыя. Лайкаць і каментаваць публікацый «замежнага агента» абсалютна бяспечна. Пры распаўсюдзе спасылак на такое медыя ў телеграм-каналах, групах Вконтакте і іншых публічных рэсурсах трэба ўказваць, што матэрыял прызначаны для асобаў, старэйшых за 18 гадоў.

Аднак новыя папраўкі ў заканадаўства, унесеныя летам 2023 года, прадугледжваюць адказнасць «трэціх асобаў», што спрыяюць «парушэнню замежным агентам заканадаўства РФ у дачыненні да замежных агентаў». У яго святле распаўсюджванне матэрыялаў «замежнага агента» без маркіроўкі 18 + і пазнакі пра статус можа быць ацэнена як «садзейнічанне». Але як дакладна будуць працаваць новаўвядзенні на практыцы – усё яшчэ незразумела. У цэнтры абароны правоў СМІ нам распавялі, што пакуль падобных справаў не было.

Што значыць для іншых СМІ

Па законе, іншыя СМІ пры любым згадванні «замежнага агента» абавязаны адзначаць яго статус. Пры адсутнасці такой адзнакі ім пагражае штраф да 50 тыс. рублёў. Фармальнай забароны на распаўсюд матэрыялаў «замежных агентаў» няма. Але, як адзначаюць юрысты, актыўнае ўзаемадзеянне з «замежнымі агентамі» можа стаць для СМІ адной з прычын уключэння іх у гэты рэестр Мінюста.

Што тычыцца репостаў матэрыялаў медыя «замежнага агента», які вырашыў не маркіраваць сваёй прадукцыі («Вот Так» лічыць пазнаку «замежнага агента» дыскрымінацыйнай і адмаўляецца ставіць яе ў сваіх матэрыялах), на думку спецыялістаў Цэнтра абароны правоў СМІ, патэнцыйна распаўсюджванне такіх матэрыялаў іншымі СМІ можа стаць прычынай для прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці ў якасці «трэціх асоб». Аднак з моманту ўступлення закона ў сілу такіх спраў не было.

Рызыкі спікераў

Зацверджанай законам адказнасці за каментарыі і інтэрв’ю «замежнаму агенту» пакуль няма. Ні для звычайных людзей, ні для палітыкаў — уключна з тымі, што прэтэндуюуь на пасаду прэзідэнта.

Пры гэтым, як адзначаюць юрысты, апошнім часам у рэестр Мінюсту часта трапляюць тыя, што «выступалі рэспандэнтамі на інфармацыйных пляцоўках замежных агентаў». Звестак пра тое, за якую колькасць такіх каментароў чалавек можа стаць «замежным агентам», няма.

Тэарэтычна, спікеры могуць трапіць пад вызначэнне «трэціх асобаў», якое з’явілася пасля паправак улетку 2023 года. У «Цэнтры абароны СМІ» адзначаюць, што падобных кейсаў пакуль не было.

Валерыя Мікаева vot-tak.tv

Стужка навінаў