Валерый Цапкала хоча пакараць генпракурора Андрэя Шведа. Але дзіўным спосабам


Былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцтва Беларусі на выбарах 2020 года Валерый Цапкала адправіў заяву ў Генпракуратуру Беларусі, у якой патрабуе завесці крымінальную справу на яе кіраўніка – Андрэя Шведа. Пра гэта Валерый Цапкала паведаміў у сваёй групе ў Telegram. Прычына такой заявы – прададзеная з аўкцыёну нерухомасць ягонай сям’і.

Валерый Цапкала.
Фота: Madis Veltman / Globallookpress.com

Валерый Цапкала лічыць, што Андрэй Швед, «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, выступаў як суўдзельнік, падбухторшчык або памагаты ў авалоданні і перапродажы кватэры паводле заніжанага кошту». Яшчэ да таргоў жонка Валерыя Цапкалы Вераніка пісала ў пракуратуру і нагадвала, што гэтае жытло – адзінае для ейных дзяцей. І пазбавіць іх кватэры – гэта парушыць і Канстытуцыю, і Закон «Аб правах дзіцяці», і аднайменную Канвенцыю, ратыфікаваную Беларуссю.

Валерый Цапкала лічыць, што Андрэй Швед парушыў яшчэ і артыкулы Цывільнага кодэксу, Кодэксу аб шлюбе і сям’і, а таксама Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых законаў.

«Шляхам махлярскіх дзеянняў у складзе арганізаванай групы або метадам учынення ціску на падначаленых і на судовыя органы грамадзянін Швед А. І. здзейсніў дзеянні, якія артыкул 210 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей – КК РБ) кваліфікуе як «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі», – піша Валерый Цапкала.

На ягоную думку, Андрэй Швед мусіць быць адхілены ад займанай пасады і панесці пакаранне ў выглядзе штрафу і пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў.

Кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў прадалі праз электронны аўкцыён у Менску ў пачатку красавіка. Гэтая кватэра была канфіскаваная пасля прысуду Валерыю, яго судзілі завочна (у 2020 годзе сямʼя Цапкалаў мусіла пакінуць Беларусь) і асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля продажу кватэры Вераніка Цапкала папярэдзіла новых уладальнікаў, што мае намер вярнуць жытло і прымусіць іх аплаціць арэнду за ўвесь перыяд.

Сям’я Цапкалаў не першая, у каго забіраюць маёмасць праз прысуды. Раней з трэцяй спробы на аўкцыёне прадалі трохпакаёвую кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх. Сума ўгоды склала 80 тысяч долараў.

З аўкцыёну пайшла і частка маёмасці Віктара Бабарыкі: ягоны «Форд» 2015 года купілі амаль за 6 тысяч долараў. Гадзіннікі палітыка ацанілі даражэй. За іх заплацілі амаль 15 і 16 тысяч долараў адпаведна.

Hавiны
Кватэру праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча прадалі на аўкцыёне
2024.04.24 08:18

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў