Бойка ў парламенце і пратэсты на вуліцы. У Грузіі зноў прымаюць закон пра замежных агентаў


У Грузіі кіроўная партыя паўторна спрабуе прыняць законапраект пра «замежных агентаў», які давялося адклікаць летась з прычыны масавых пратэстаў. Праціўнікі называюць дакумент «расейскім» і заяўляюць, што ён аддаляе краіну ад інтэграцыі з Еўразвязам. У Тбілісі ўжо пачаліся пратэсты, а маштабная акцыя мае адбыцца 15 красавіка ўвечары.

Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі спяшаюцца дадому з працы. Тбілісі, Грузія. 23 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Парламент Грузіі 15 красавіка прыступіў да разгляду законапраекта «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Дакумент падрыхтавала кіроўная партыя «Грузінская мара». Яго змест, як паведамляюць грузінскія СМІ, аналагічны праекту, ініцыяванаму летась, але адкліканаму ў выніку акцыяў пратэсту.

Дакумент прадугледжвае «ў мэтах забеспячэння празрыстасці» рэгістрацыю ў якасці арганізацыяў, якія ажыццяўляюць інтарэсы замежнай сілы, некамерцыйных арганізацыяў і медыяў, якія больш як 20 % даходаў атрымліваюць з-за мяжы. Яны будуць абавязаныя зарэгістравацца ў аднайменнай базе звестак, адлюстроўваць атрыманыя даходы і штогод запаўняць фінансавую дэкларацыю.

У кіроўнай партыі сцвярджаюць, што законапраект накіраваны выключна на ўзмацненне празрыстасці працы НДА і медыяў, якія атрымліваюць замежнае фінансаванне. Пры гэтым «Грузінская мара» наўпрост вінаваціць еўрапейскія і амерыканскія фонды ў «фінансаванні радыкалізму і рэвалюцыйных настрояў» у Грузіі, а частку НДА называе экстрэмісцкімі.

Адначасова падрыхтаваны альтэрнатыўныя законапраекты, сярод іх – «Аб абароне ад уплыву дзяржавы-акупанта – Расейскай Федэрацыі», што забараняе дзеянні, якія нацэленыя на нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам Грузіі, у тым ліку, – тыя, што перашкаджаюць інтэграцыі Грузіі ў Еўразвяз і NATO.

Апазіцыя і прэзідэнт супраць

Праціўнікі законапраекту «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» асцерагаюцца, што перад надыходзячымі парламенцкімі выбарамі дзейная партыя імкнецца закляйміць «замежнымі агентамі» апазіцыйныя медыі, дабрачынныя, праваабарончыя і грамадзянскія арганізацыі, якія існуюць за кошт заходніх грантаў. Парламенцкая апазіцыя патрабуе неадкладнага адклікання закону і вяртання палітычнага спектру Грузіі да «нармальнага перадвыбарчага асяроддзя», заявіў дэпутат Армаз Ахўледыяні на сумесным брыфінгу парламенцкай апазіцыі.

Бойка чальцоў парламенту падчас пленарнага пасяджэння, дзе абмяркоўвалася паўторнае ўнясенне спрэчнага законапраекту пра «замежных агентаў», які стаў прычынай маштабных дэманстрацый у мінулым годзе. Тбілісі, Грузія. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Parliament of Georgia / AFP / East News

«Вяртанне «Марай» у парламент гэтага шкодніцкага расейскага закона азначае толькі адно, што кіраванне Іванішвілі [звязанага з «Грузінскай марай» алігарха Бідзіны Іванішвілі. – рэд. belsat.eu] выступае супраць Канстытуцыі Грузіі, волі грузінскага народу быць часткай еўрапейскага грамадства еўрапейскай краіны і, што галоўнае, гэта наўпрост адкрывае шлях інстытуцыям Крамля і пагрозам, якія зыходзяць адтуль у Грузіі», – сказаў Ахўледыяні.

Таксама і лідарка «Еўрапейскай арбіты Грузіі» Ніно Ламджарыя заявіла, што дакумент адмаўляе еўрапейскую будучыню. Паводле яе, «абавязкам кожнага грамадзяніна з’яўляецца абарона еўрапейскай будучыні і нашай краіны».

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі адзначыла, што гэта «расейскі закон» і «яго вяртанне таксама не нясе карысці еўрапейскай мэце». Яна паабяцала накласці вета на дакумент. Праўда, ейнае вета прэзідэнта носіць сімвалічны характар, бо ў кіроўнай партыі хапае галасоў, каб яго зняць.

«Калектыўны» Захад супраць закона

Праект закона актыўна крытыкуюць еўрапейскія дыпламаты і палітыкі. Гэтак, 12 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Берліне пасля сустрэчы з прэмʼер-міністрам Грузіі Іракліем Кабахідзэ канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў:

«Мы, як і ўвесь Еўразвяз, крытычна ставіліся да закону «Аб арганізацыях замежнага ўплыву», і калі яго дзеянне было прыпыненае, у нас былі вялікія надзеі, што ён больш не будзе абмяркоўвацца. На гэты раз зʼявілася новая заканадаўчая ініцыятыва, якая ідзе ў тым жа кірунку. Наша крытыка, як і ў папярэдні перыяд, застаецца ранейшай, і мы спадзяемся, што гэты закон не будзе прыняты ў такім выглядзе».

Тэлеканал «Pirveli» нават адзначае, што амбасадары акрэдытаваных у Грузіі дыпмісіяў краін ЕЗ рыхтуюцца абвясціць дыпламатычны дэмарш у сувязі планаваным прыняццем закона.

Аналітыка
Імпічмент, санкцыі і дзяржаўны пераварот. Што адбываецца ў стасунках Грузіі з Захадам і РФ
2023.09.22 07:00

У сваю чаргу кіраўнік грузінскага ўраду Кабахідзэ абвінаваціў паслоў ЗША, Еўразвязу і краінаў-чальцоў ЕЗ у тым, што яны «імкнуцца сумяшчаць функцыю заканадаўца, актыўна ўдзельнічаць у заканатворчым працэсе і дыктаваць галоўнаму органу прадстаўнічай дэмакратыі – абранаму грузінскім народам парламенту, які закон прымаць, а які не».

Тым не менш, 15 красавіка ён правёў сустрэчу з амбасадарамі ЗША, Вялікай Брытаніі і ЕЗ. Падчас яе прэм’ер адзначыў, што законапраект цалкам адпавядае ўсім асноўным прававым прынцыпам і служыць адзінай мэце – штогадоваму раскрыццю фінансаў няўрадавых арганізацыяў і медыяў. Кабахідзэ таксама заявіў пра гатовасць да адкрытага абмеркавання закону.

Абмежаванні для журналістаў і бойка дэпутатаў

У сувязі з пачаткам 15 красавіка разгляду законапраекту ў Камітэце юрыдычных пытанняў парламенту Грузіі ў будынку быў уведзены «жоўты ўзровень» бяспекі. А частка журналістаў агулам не пусцілі на абмеркаванне. У парламент дапусцілі толькі здымачныя групы тэлекампаніяў, усім астатнім прапанавалі назіраць за абмеркаваннем у наўпроставым эфіры.

З самога пасяджэння юрыдычнага камітэту парламента былі выдаленыя апазіцыйныя дэпутаткі – Саламэ Самадашвілі і Ціна Бакучава «за неаднаразовае непадпарадкаванне».

У сваю чаргу лідар партыі «Грамадзяне» Алека Элісашвілі ўдарыў лідара парламенцкай большасці Мамуку Мдынарадзэ, які прадстаўляў дэпутатам законапраект. Праз гэта пасяджэнне было прыпыненае.

«Я ўдарыў кулаком па расейскай фізіяноміі Мдынарадзэ, я адважыўся на тое, на што не адважыўся ніхто з апазіцыі», – заявіў Элісашвілі і заклікаў людзей выходзіць на вуліцу, каб «прагнаць іх з расейскім законам».

Пратэсты ля парламенту

З 10 раніцы паводле мясцовым часе на заднім двары парламенту сабраліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і медыяў, якія разгарнулі банэры з надпісам: «Не расейскаму закону!». затым да акцыі далучыліся шэсцем грузінскія студэнты. Яны таксама патрабуюць спыніць разгляд законапраекту. Пратэстоўцы разгарнулі сцяг Еўразвязу, бачныя банеры з надпісамі: «Не расейскаму закону», «no to Russia, yes to Europe».

Актывісты грузінскіх прадэмакратычных груп пратэстуюць супраць законапраекту пра «замежных агентаў» каля парламенту ў Тбілісі, Грузія. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Vano Shlamov / AFP / East News

Медыі паведамляюць, што ў дварах будынкаў дзяржструктураў у адміністрацыйным цэнтры Тбілісі мабілізаваны спецназ.

Маштабная акцыя запланаваная а 19:00 паводле мясцовага часу. Удзельнікі пратэсту збяруцца каля будынку парламента з лозунгам: «Так – Еўропе! Не – расейскаму закону!».

«Не заставайся ўдома, выходзь. «Расейскі закон» датычыць усіх грамадзянаў Грузіі! «Расейскі закон» – гэта вялікая сцяна паміж Грузіяй і Еўропай!» – гаворыцца ў інфармацыі, распаўсюджанай арганізатарамі ў сацсетках.

Былы прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі, які знаходзіцца ў зняволенні, таксама заклікаў сваіх прыхільнікаў «пачынаючы з сённяшняга дня, удзельнічаць ва ўсіх акцыях супраць «расейскага закону» і абараняць свабоду, незалежнасць і еўрапейскую будучыню Грузіі!».

Парламент Грузіі 7 сакавіка 2023 года прыняў у першым чытанні законапраект аб замежных агентах, які адразу выклікаў хвалю пратэстаў у Тбілісі. Некалькі тысяч чалавек сабраліся на галоўным праспекце Шота Руставэлі ў сталіцы каля будынку парламенту, каб выказаць свой пратэст. Для разгону мітынгоўцаў былі выкарыстаныя слезацечны газ, вадамёт ды сотні сілавікоў.

Раніцай 9 сакавіка парламенцкая большасць абʼявіла, што адклікае прыняты ў першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» «у мэтах захавання грамадскага спакою».

Разбор
Пратэсты ў Грузіі. Яшчэ нічога не скончана
2023.03.09 19:42

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў