Тэлеканал АНТ выпусціў прапагандысцкі фільм «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам», дзе распавядаецца пра арыштаваных падлеткаў і маладых людзей, якіх вінавацяць у «тэрарызме» і супрацы з украінскімі спецслужбамі.
У прапагандысцкім фільме распавядаецца пра група пад назвай «Чорныя салаўі», якой кіравала 16-гадовая ўкраінка Марыя Місюк.
Бацькі перавезлі дзяўчынку ў Беларусь два гады таму, пасля пачатку вайны, хаця Марыя не хацела пераязджаць і імкнулася далучыцца да ўкраінскага падполля. Паводле аўтараў фільма, у 14-гадовым узросце Марыя стварыла ў Беларусі «тэрарыстычную ячэйку», куды ўцягнула пяцярых беларусаў: Трафіма Барысава (2006 г.н), Сяргея Жыгалёва (2005 г.н), Дзмітрыя Захарошку, Анастасію Кліменка, Аляксандру Пуліновіч. Усе яны былі навучэнцамі каледжаў у Менску, Баранавічах, Нясвіжы і Лунінцы. Сама Марыя вучылася ў Мірскім дзяржаўным каледжы.
У фільме сцвярджаецца, што Марыя была звязаная ці то з «Баявой арганізацыяй анарха-камуністаў», ці то «Нацыянальна-вызвалечнай арміяй», але ў любым выпадку дзейнічала нібыта пад кантролем украінскіх спецслужбаў.
Спачатку «Чорныя салаўі» распаўсюджвалі ўлёткі і малявалі графіці, а потым вырашылі арганізаваць выбух у РУУС або пракуратуры ў Баранавічах. «Калі ўзрываць каго, то толькі людзей у форме», – заяўляе на відэа Марыя, знаходзячыся за кратамі. Падлеткі нібыта самастойна сабралі самаробнае выбуховае прыстасаванне.
У фільме не тлумачыцца, пры якіх абставінах арыштавалі падлеткаў. Марыі Місюк выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 289 КК («Акт тэрарызму»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе зняволення на тэрмін ад 8 да 20 гадоў.
Таксама прапагандысты распавялі пра пераслед 18-гадовага Данііла Гарасіма, які спачатку здымаў вайсковую тэхніку ў Асіповічах, а потым нібыта мусіў паўдзельнічаць у дыверсіі на чыгунцы. Яму выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 356 КК «здрада дзяржаве».
Глеб Нержын belsat.eu