Борыс Джонсан лічыць, што палітыка Лукашэнкі можа стаць яшчэ больш рэпрэсіўнай


Былы прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан даў інтэрвʼю выданню Zerkalo.io, дзе выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі і распавёў пра сваё стаўленне да Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Былы прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан мяркуе, што Аляксандр Лукашэнка будзе ўтрымліваць уладу ў Беларусі любымі спосабамі.

«Я лічу, трагедыя ў тым, што ён, імаверна, стане яшчэ больш рэпрэсіўным. Ён паспрабуе выкараніць беларускую моўную культуру, нацыянальнае пачуццё, таму што гэта вельмі важна. Мова і культура – гэта наймацнейшае. Самае магутнае, з чым яму давядзецца сутыкнуцца, – і гэта тое, што не дае Пуціну перамагчы ва Украіне. Гэта пачуццё людзей, што ў рэшце рэшт гэта іх краіна», – падкрэсліў ён.

Брытанскі палітык зазначыў, што ўрады, якімі магутнымі яны ні былі, не могуць супрацьстаяць народу: «Ніякі ўрад не дастаткова моцна, каб спыніць народ, калі народ сапраўды гэтага хоча».

На думку Джонсана, Беларусь цяпер перажывае паваротны момант:

«Пытанне ў тым, ці будзе Беларусь паглынутая Расейскай імперыяй і тыраніяй Крамля ці ваша краіна выбера іншы шлях. А можа быць, Беларусь зможа далучыцца да Еўропы і дасягнуць дэмакратыі. У рэшце рэшт, вы суседнічаеце з краінамі Балтыі, з Украінай».

Палітык адзначыў, што ў Беларусі ёсць шмат тых, хто хацеў бы выбраць дэмакратычную еўрапейскую будучыню.

Джонсан верыць у тое, што Святлана Ціханоўская здолее дабіцца дэмакратычных перамен у Беларусі.

«Я думаю, што вельмі важна, што Пуцін не змог уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны так, як ён спадзяваўся. Я падазраю, што ён ведае, што насамрэч многія беларусы на баку Украіны, яны лічаць, што не варта тэрарызаваць краіну толькі таму, што яна сама выбірае свой лёс, хоча абіраць сваіх лідараў і мець сваю дэмакратыю», – падкрэсліў экс-прэмʼер.

Джонсан заявіў, што калі б ён быў грамадзянінам Беларусі, то прагаласаваў бы на выбарах за Ціханоўскую. «Я думаю, што Святлана – фантастычная», – адзначыў ён.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў