Пратэсты ў Грузіі. Яшчэ нічога не скончана


Пратэсты ў Грузіі сціхлі, спорны законапраект быццам бы адклікаюць, але гэта можа адбыцца не раней, чым на наступным тыдні. Ды і адкліканне дакументу не азначае, што знікнуць прычыны, якія прывялі да пратэстаў. Расказваем, што вядома.

Пратэст у Батумі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Праект адклікаць не так проста, спатрэбіцца шмат часу

Раніцай 9 сакавіка парламенцкая большасць абʼявіла, што адклікае прыняты ў першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» «у мэтах захавання грамадскага спакою». Масавыя пратэсты з-за гэтага праекту праходзілі некалькі дзён і перараслі ў сутыкненні ўдзельнікаў акцыі са спецназам. Але працэс адклікання, хутчэй за ўсё, зацягнецца. Паводле інфармацыйнага парталу «News Georgia», спецыяліст па канстытуцыйным праве Вахушці Менабдэ заявіў, што адной дэкларацыі аб адкліканні законапраекта аб «іншаагентах» недастаткова, для гэтага неабходныя канкрэтныя працэдуры.

«Проста так адклікаць прыняты ўжо ў першым чытанні законапраект немагчыма. Згодна з рэгламентам парламента, праект, прыняты ў першым чытанні, водгуку не падлягае. Для гэтага ён павінен быць вынесены на галасаванне ў другім чытанні і адхілены па яго выніках», – кажа Вашухці Менабдзе.

З першым законапраектам звязаны яшчэ адзін – «Аб рэгістрацыі замежных агентаў». Па ім галасаванне ў першым чытанні павінна было адбыцца 9 сакавіка, але перашкодзілі пратэсты. Аднак яго таксама трэба адклікаць, і адпаведны дакумент павінны падпісаць усе ініцыятары з руху «Сіла народу». Апроч чыста працэдурных пытанняў, звязаных з тым, што ўсе ўдзельнікі працэсу павінны будуць па сутнасці адмяніць сваё папярэдняе волевыяўленне, існуе і тэхнічная перашкода – парламент на гэтым тыдні спыніў усе пасяджэнні, таму што неабходна аднавіць інфраструктуру, пашкоджаную падчас акцый пратэсту.

На гэтым тыдні закон не «праваляць» і пратэсты могуць аднавіцца

Паводле «News Georgia», выглядае так, што на гэтым тыдні законапраект не будзе адкліканы. Паведамляецца таксама, што на 19 гадзінаў 9 сакавіка каля будынку парламента заяўлена чарговая акцыя пратэсту, людзі хочуць дакладна даведацца, якім чынам і калі адбудзецца адкліканне законапраекта. Апроч таго, заяўлена і яшчэ адна мэта акцыі – дабіцца вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў мітынгаў апошніх дзён. Для таго каб дабіцца адказу, у пратэстоўцаў ёсць шмат часу, бо наперадзе выходныя і на працу хадзіць не трэба.

Па звестках МУС Грузіі, за час беспарадкаў 7 і 8 сакавіка сілавікамі былі затрыманыя 133 удзельнікі акцыі, агулам пацярпелі каля 60 паліцэйскіх. Падчас пратэстаў адбываліся жорсткія сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй, якая прамяняла вадамёты і слезацечны газ.

Тым часам спікер парламента Грузіі Шалва Папуашвілі ўжо адклікаў абодва названыя вышай законапраекты з Венецыянскай камісіі ЕЗ, куды яны былі накіраваныя для экспертызы. Гэта было зроблена адразу пасля таго, як старшыня фракцыі «Грузінская мара» Мамука Мдынарадзэ на надзвычайным брыфінгу раніцай 9 сакавіка запэўніў, што абодва законапраекты аб «іншаагентах» будуць адмененыя «па ўсіх правілах». Потым высветлілася, што спатрэбіцца не проста адкліканне, а працэдура з новым галасаваннем.

7 сакавіка, нагадаем, за прыняцце ў першым чытанні законапраекту «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» прагаласавалі 76 дэпутатаў, супраць выказаліся – 13. Галасаванне па другім варыянце, які называецца «Аб рэгістрацыі замежных агентаў», павінна было адбыцца ў гэты чацвер, 9 сакавіка.

Што выклікала спрэчкі, якія перераслі ў пратэсты

Абодва спрэчныя законапраекты былі ініцыяваныя рухам «Сіла народу» пры падтрымцы кіруючай партыі «Грузінская мара». Тым самым аўтары праектаў, паводле іх словаў, спадзяваліся дабіцца большай празрыстасці ў справе фінансавання НДА і СМІ.  Праціўнікі прыняцця пакету заканапраектаў звярталі ўвагу на тое, што некалі падобным чынам пачынаўся пераслед іншадумцаў у Расеі, калі пад кляймо «іншаагента» патрапілі вядучыя няўрадавыя арганізацыі і СМІ, якія мелі фінансаванне праз гранты ад заходніх фондаў.

Паводле дзейснага грузінскага заканадаўства і існай практыкі, арганізацыі, што маюць фінансаванне ад міжнародных арганізацыяў, паведамляюць пра гэта на сайтах і ў справаздачах. Крыніцы фінансавання адлюстраваныя таксама ў дэкларацыях і копіях кантрактаў, якія арганізацыі накіроўваюць у падатковую інспекцыю.

Прычына ўзнікнення сітуацыі – у змяншэнні заходняга ўплыву і фінансавай падтрымкі Грузіі

Падзеі ў Грузіі ў інтэрвʼю «Белсату» пракаментаваў беларускі пісьменнік і медыяэксперт Севярын Квяткоўскі, які жыве зараз у Батумі. Суразмоўца нагадаў, што геаграфічна невялікая Грузія мае вялікае палітычнае значэнне для ўплыву і кантролю ў рэгіёне. У свой час пасля руска-грузінскай вайны з-за Паўднёвай Асеціі відавочнымі прыкметамі заходняй прысутнасці і цікавасці да Грузіі былі вайсковыя караблі ў Поці і Батумі і «мільярды фінансавай падтрымкі».

«Зараз гэтых караблёў тут няма, заходнія фінансавыя плыні таксама выдыхліся. Грузінская эканоміка з нечага павінна жыць. Таму ўсё тое што мы бачым цяпер у Тбілісі і ў іншых гарадах Грузіі – гэта праявы цывілізацыйнага выбару, які стаіць перад грузінскім грамадствам. Адны сілы ў гэтай краіне хацелі б прама цяпер мець пэўныя выгоды за кошт грошай з Расеі, іх прадстаўляе сёння большасць у парламенце. А іх апаненты гатовыя нават выходзіць са сцягамі пад вадамёты, слезацечны газ і дручкі спецназу, абы захаваць краіну ў палітычным рэчышчы Захаду, дзеля перспектывы дэмакратыі для краіны і будучыні для дзяцей», – адзначыў Севярын Квяткоўскі.

Суразмоўца кажа, што не гледзячы на інтэнсіўныя крокі на шляху да дэмакратыі, зробленыя ў пачатку 2000-х, грамадства ў Грузіі ўсе яшчэ не дафарматавалася ў адну палітычную нацыю. Адна справа – жыццё ў Тбілісі, і зусім іншы культурны і цывілізацыйны ўзровень існуе па-за грузінскай сталіцай. Калі ва Украіне завяршэнне аб’яднання ў адну палітычную нацыю адбылося ў 2014, а ў Беларусі ў 2020 годзе, то ў Грузіі працэс працягваецца.

«Я мяркую, што не гледзячы на ўсе спробы цяперашніх дзейсных ў Грузіі ўладных сілаў «саскочыць» з супрацьстаяння вось прама цяпер, у сакавіку, тое што адбылося падштурхне дэмакратычныя сілы да больш актыўнага адстойвання дэмакратычных каштоўнасцяў і заходняга вектару развіцця. Мне здаецца, ужо сёлета ў палітычным жыцці Грузіі адбудуцца значныя змены, бо сігналы пададзеныя абсалютна зразумелыя».

Фота
Вадамёт і слезацечны газ. Як выглядала сталіца Грузіі падчас пратэстаў
2023.03.08 15:13

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў