Сілавікі супраць гандлю. Хто ў беларускім рытэйле правініўся, «зажэрся» і «страх згубіў»


Тыдзень таму з беларусамі развіталася гандлёвая сетка «Віталюр». Глядзім, як складаецца лёс іншых сетак – і амаль у кожным выпадку бачым актыўнасць сілавікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё 50-й крамы «Віталюр». Менск, Беларусь. 28 красавіка 2018 года.
Фота: Vitalur.by

Аляксандр Лукашэнка 10 лютага моцна абураўся заробкамі кіраўнікоў гандлёвых сетак, а дзяржаўныя медыі пасля публікавалі спісы тых, хто «зажэрся» і «страх згубіў». Гэтыя спісы надзіва падобныя да топу найбуйнейшых рытэйлераў Беларусі.

Дый да абурэння Лукашэнкі ў буйных гандлёвых сетак Беларусі было нямала праблемаў, штрафаў, арыштаў і ператрусаў. Апошнімі гадамі ў Беларусі зніклі гандлёвыя сеткі «BigZZ» і «Радзівілаўскі», «Капілка» і «Бруснічка», «Вясёлка» і «Златка», «Preston» і «Zakrama»… Згадваем, хто застаўся і што было за апошнія гады з лідарамі беларускага рытэйлу.

«Санта», «Віталюр» і «Рублёўскі»

Сетка крамаў «Віталюр» актыўна пашыралася да 2021 года, але ўлезла ў запазычанасці і суды з дастаўцамі. Пайшлі чуткі пра банкруцтва, але ў канцы 2022 года «Віталюр» анансаваў перадачу сваіх крамаў сетцы «Санта» звязанага з атачэннем Лукашэнкі алігарха Аляксандра Машэнскага (якому належаць таксама фабрыкі «Санта Брэмар» і «Савушкин продукт». 21 лютага «Віталюр» абвясціў пра закрыццё – крамы маюць змяніць шыльды на «Санта». Падобным чынам тры гады таму «Санта» паглынула сетку «Рублёўскі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Санта». Белаазёрск, Беларусь. 29 траўня 2020 года.
Фота: Santa.by

У «Санты» ж не назіраецца праблемаў з уладамі Беларусі (калі не лічыць нядаўняга трапляння ў «спіс распанелых»). Хіба ва Украіне пад арыштам застаецца частка актываў украінскай «дачкі» беларускай «Санты», а «Санта Брэмар» скардзіўся расейскаму амбасадару на праблемы з дастаўкамі прадукцыі ў Еўропу.

«Еўраопт» і «Дабраном»

Найбуйнейшая гандлёвая сетка Беларусі (да якой належаць таксама крамы «Грошык», «Хіт!» і «Сем пятніц») працуе амаль што нармальна, нягледзячы на ранейшыя канфлікты з Міністэрствам гандлю, намёкі на магчымасць продажу кампаніі з боку расейскіх медыяў, забарону прадаваць свае акцыі без дазволу дзяржавы і крымінальны пераслед суўладальнікаў 20 гадоў таму (ці закрылі тую справу, невядома, але суўладальнікі даўно за мяжою, а нядаўна зніклі з рады дырэктараў). Заўважныя праблемы з сэрвісам «Е-дастаўка»: замову прадуктаў з дастаўкаю на дом 1 лістапада 2022 года закрылі для шмат якіх рэгіёнаў, а дзе не закрылі, абмежавалі магчымасці замоваў. Затое бонстыкі ў канцы мінулага года вярталіся ў продаж.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Еўраопт». Менск, Беларусь. 24 траўня 2023 года.
Фота: Evroopt.by

«Дабраном» часта звязваюць з «Еўраоптам», хоць самі яны адмаўляюць усялякую сувязь. Паводле колькасці гандлёвых пунктаў «Дабраном» даганяе «Еўраопт» (да сеткі «Дабраному» належаць таксама крамы «Капеечка» і «Маяк»). Ды ў кастрычніку 2022-га Камітэт дзяржаўнага кантролю затрымаў двух кіраўнікоў сеткі нібыта за парушэнне забароны на павышэнне цэнаў, з таго часу пра іх не чуваць.

Разбор
Што такое «Еўраопт»? Дзіўная гісторыя дачыненняў кампаніі і ўладаў
2022.11.01 09:57

«Гіпа» і «Белмаркет»

«Гіпа» – «менскацэнтрычная» сетка, невялікая паводле колькасці крамаў (іх усяго 27), але гэта буйныя супер- і гіпермаркеты. У 2018 годзе ўладальнік «Гіпа» купіў сетку супермаркетаў «Белмаркет».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё крамы сеткі «Гіпа» на месцы колішняга «BigZZ». Менск, Беларусь. 10 чэрвеня 2021 года.
Фота: Gippo.by

Магчыма, у звязку з выказваннямі Лукашэнкі праблемы чакаюць найперш кіраўніцтва «Гіпа»: калі ў кіраўнікоў «Еўраопту» налічылі заробкі ў 42 разы вышэйшыя за заробкі звычайных працаўнікоў, то ў кампаніі «БелВілесдэн», што валодае буйною сеткаю крамаў «Гіпа», аж у 67 разоў. Ды пра пакаранні за гэта або пра іншы пераслед звязаных з «Гіпа» асобаў пакуль не паведамлялі – хіба год таму кампаніі выпісалі штраф на 116 тысячаў рублёў за завышэнне цэнаў на асобныя тавары ў «Гіпа» і «Белмаркеце». Паўгода таму «Гіпа» адкрылася на месцы колішняга флагманскага «Еўраопту» ў «Galleria Minsk», а паўтара года таму «Гіпа» заняла месца «BigZZ» на «Экспабеле» каля Менску.

«Карона»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гандлёвы цэнтр «Карона Сіці» на месцы колішняга найбуйнейшага «Еўраопту». Менск, Беларусь.
Фота: Korona.by

Аб’яднанне былых сілавікоў «ByPol» мінулым летам расказвала, што розныя службы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі мелі спісы кампаніяў на «адпрацоўванне» – правяранне на пратэставыя настроі і сімволіку. У спісах, паводле «ByPol», нейкім чынам аказалася кампанія «Тытунь-інвест» звязанага з Лукашэнкам бізнесоўца Паўла Тапузідыса, у структуру якой уваходзіць таксама сетка гандлёвых цэнтраў «Карона». Але асабіста міністр унутраных справаў здзівіўся гэтай кампаніі ў спісах, сказаў «не распыляцца» на яе. Пасля таго пра нейкія пагрозы «Кароне» не было чуваць (калі не лічыць спісу з заробкамі кіраўнікоў), гандлёвыя цэнтры працуюць як звычайна, а ў Тапузідыса нават адкрыўся новы гатэль.

«Алмі»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Алмі». Беларусь.
Фота: Almi.by

У лістападзе 2022 года сетку «Алмі» штрафавалі на 19 тысячаў рублёў за завышэнне цэнаў, але пра іншыя факты пераследу кампаніі не паведамлялі. Хіба хадзілі чуткі, што як мінімум дзве крамы «Алмі» ў Пінску пяройдуць у сетку «Санта», але гэтыя чуткі не пацвердзіліся. А Міністэрства гандлю мінулым летам нават падтрымала «Алмі» ў спрэчках з Гарадзейскім цукровым камбінатам.

«Алмі» – яшчэ адзін фігурант «спісу распанелых». Ніжэй – сеткі, якія ў той спіс не трапілі.

«Суседзі»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Суседзі». Менск, Беларусь.
Фота: Sosedi.by

22 кастрычніка 2022 года «Наша ніва» паведаміла пра затрыманне супрацоўнікамі КДК амаль усіх топ-менеджараў сеткі «Суседзі» і аднаго з галоўных бенефіцыяраў кампаніі. Праз два дні КДК расказаў, што арыштавалі дырэктара кіроўнай арганізацыі, а Дэпартамент фінансавых расследаванняў пачаў справу за бяздзеянне службовай асобы: крамы нібыта дапусцілі рост цэнаў, ведаючы пра забарону на гэта. А 29 кастрычніка «Наша ніва» перадала, што топ-менеджары і адзін з галоўных бенефіцыяраў – на волі ў невядомым статусе. Працягу гісторыі пакуль не было, крамы не зачыніліся, а кіраўніцтва не трапіла ў «спіс распанелых».

«Green»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Green». Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2022 года.
Фота: Green-market.by

З гэтай сеткі пачалася хваля прэтэнзіяў сілавікоў да гандлю. У лютым 2021 года пасля правярання КДК у няволю трапіў уладальнік сеткі «Green» Генадзь Кірэйкаў. Лукашэнка намякаў, што затрыманне было звязанае з малою колькасцю беларускіх тавараў у крамах сеткі, адзначаў што гэтай сеткі «ў Беларусі не будзе», загадаў яе «выразаць». Былі чуткі, што з Кірэйкава просяць 5 мільёнаў долараў за выхад з СІЗА. У ліпені 2021 года стала вядома, што Кірэйкаву змянілі меру стрымання і адпусцілі з СІЗА. Пасля гэтага пра справу супраць яго не было чуваць, а сетка крамаў не «выразаная» – працягвае працу.

Разбор
Выкуп ад палітычнага пераследу і кампенсацыі эканамічных злачынстваў: ці згаджацца плаціць?
2023.02.23 07:00

«ProStore»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «ProStore». Менск, Беларусь.
Фота: prostore.by

Некалі набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Юрый Чыж у мінулым верасні выйшаў на волю пасля паўгода за кратамі, а ў гэтым лютым мог ізноў трапіць у вязніцу, ды быў вызвалены праз амністыю. Яму, падобна, удалося захаваць частку колішняй бізнес-імперыі, у якую ўваходзіла і сетка гіпермаркетаў «ProStore», ад якой на момант публікацыі засталіся тры крамы ў Менску і адна ў Лагойску.

Hавiны
Юрый Чыж страціў прыхільнасць Лукашэнкі, але частку бізнесу здолеў захаваць
2022.10.31 17:15

«Марцін»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Марцін». Менск, Беларусь.
Фота: Belretail.by

Выглядае, што з сеткай усё нармальна: крамы працуюць, пра нейкія прэтэнзіях сілавікоў не чуваць. Але літоўскі бізнесовец Дайнюс Дундуліс, які інвеставаў у «Марціны» (былыя «MartInn»), шкадаваў пра гэта, бо сітуацыя з інвестыцыямі ў беларускі бізнес «непрадказальная, як надвор’е». Літоўскія ўладальнікі сеткі, браты Марцінкявічусы, расказаў ён, не першы год шукаюць пакупніка на беларускую сетку «MartInn», але безвынікова. Тыя і самі лічылі рашэнне ўкладвацца ў бізнес у Беларусі памылковым.

«Востраў чысціні»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Востраў чысціні». Менск, Беларусь.
Фота: Outleto.by

У верасні 2022 года сілавікі прыходзілі і да сеткі крамаў «Востраў чысціні і смаку», якая пачынала з продажу бытавой хіміі, але пашырыла асартымент і на харчовыя тавары. Тады, паводле праўладных медыяў, затрымалі дырэктара кампаніі Віктара Ромука, але праз два з нечым месяцы яго вызвалілі – сілавікі «атрымалі адказы на ўсе пытанні», ён кампенсаваў «фінансавыя прэтэнзіі», сетка працягнула працу пасля выпраўлення «нязначных парушэнняў».

«Ома»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Ома». Ліда, Беларусь. 28 сакавіка 2022 года.
Фота: Oma.by

Прэтэнзіі ў сілавікоў не толькі да ўніверсальных крамаў. У чэрвені 2022 года прайшлі ператрусы ў сетцы будаўнічых крамаў «Ома», кіраўнікоў сеткі затрымлівалі. Перад гэтым фінска-літоўская кампанія «Kesko Senukai» спрабавала спыніць бізнес у Беларусі і выйсці са складу акцыянераў «Ома». Ці скончылася гісторыя і з якой прычыны пачалася, невядома. Але сетка працягвае працу, хіба Новага года не перажыла буйная крама сеткі ў Жодзіне.

«21vek.by»

Пункт самавывазу онлайн-крамы «21vek.by» у Маладзечне.
Фота: 21vek.by

Таксама сілавікі прыходзілі ў онлайн-гандаль: у чэрвені 2021 года былі ператрусы ў офісе буйной інтэрнэт-крамы «21vek.by», суўладальнікаў затрымлівалі нібыта за ўхіленне ад сплаты падаткаў, вызвалілі праз «змену меры стрымання» толькі праз восем месяцаў. Ці закрылі справу, невядома, але інтэрнэт-крама працягвае працаваць.

Сілавікі цікавіліся і онлайн-крамамі «Wildberries»: пытаннем платнага вяртання тавараў займаўся ў тым ліку КДК. Але на момант публікацыі справа скончылася штрафам і рашэннем скасаваць плату за вяртанне тавараў.

Працяг будзе

Дзяржаўныя кантралёры наўрад ці пакінуць без увагі выказванні Лукашэнкі пра заробкі кіраўнікоў у гандлі. А ў тым спісе ёсць таксама «Пяты элемент» і «Электрасіла», «Мацярык» і «Палас», «Fix Price» і «Armtek». Ды і без таго КДК  не спыняе планавых правяранняў, асобныя ладзіць Фонд сацыяльнай абароны. Не зніклі і прэтэнзіі КДК да асобных крамаў таннага адзення з Азіі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў