Калі знікненне больш як мільёна беларусаў не генацыд, то што гэта?

У мяне пытанне: колькі нас, беларусаў у самой Беларусі. На мінулым тыдні Белстат, калі яму верыць, апублікаваў звесткі на пачатак 2024 года. Выйшла вось такая лічба – 9 155 978 чалавек. Нібы не так і мала, калі параўнаць з яшчэ меншымі краінамі. Але ёсць, як кажуць, нюанс. Толькі за год беларусаў у Беларусі стала меней на 45 тысяч чалавек. Толькі ўявіце, што цягам года з мапы знік, напрыклад, Ваўкавыск, альбо Нясвіж, Шчучын, Жыткавічы – разам. Ці проста бярэм і сціраем з мапы цэлы Асіповіцкі раён. І гэта, падкрэслю яшчэ раз, толькі за год. Толькі афіцыйныя звесткі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па праспекце Незалежнасці каля ГУМу. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

І прагнозы несуцяшальныя.

Калі ўсё будзе ісці гэтак жа, як цяпер, то праз нейкія 50 гадоў беларусаў у Беларусі можа застацца менш за 8 мільёнаў, прагназуюць у ААН. Чаму ж так?

Галоўных прычынаў дзве – слабая нараджальнасць і вялікая эміграцыя. Толькі ў Польшчы, напрыклад, беларускі нарадзілі 741 дзіця ў 2022 годзе, 775 дзяцей – у 2023 годзе. І вялікае, на жаль, амаль рытарычнае пытанне, колькі з гэтых дзяцей вырастуць беларусамі і вернуцца ў Беларусь. А гэта лічбы толькі адной краіны-суседкі. Туды толькі летась пераехалі 60 тысяч беларусаў.

Калі яшчэ зазірнуць у лічбы, то пабачым, як пачынаючы з пратэснага 2020 года, калі беларусаў пачалі катаваць з асаблівай жорсткасцю ды трымаць у страху, выціскаць за мяжу, насельніцтва рэзка скарачаецца ўнутры краіны.

Калі ў 2020 годзе беларусаў у Беларусі было 9 мільёнаў 410 тысячаў, то ўжо ў 2021-м – 9 мільёнаў 349 тысячаў, а ў 2022-м – 9 мільёнаў 255 тысячаў. На пачатак 2023-га – ужо 9 мільёнаў 200 тысячаў. І вось пачатак 2024-га – 9 мільёнаў 155 тысячаў. Тэндэнцыя. Толькі за гэты перыяд мінус 255 тысячаў (чвэрць мільёна беларусаў).

Вось вам і сацыяльная дзяржава. Выходзіць узурпатар перад жанчынамі і загадвае нараджаць «мінімум трох-чатырох дзяцей». Рабоў не хапае, таварыш Лукашэнка? А на словах – проста мёд. Перад Восьмым Сакавіка вось што ён казаў актыву Беларускага саюзу жанчын:

«Мы самая-самая сацыяльная дзяржава. У нас, напэўна, не дзясяткі, а сотні льгот для насельніцтва і перш за ўсё для жанчын. Сямейны капітал – гэта мільёны долараў. Таму вы тонка адчуваеце: а ці вытрымае дзяржава, ці зможа яна? Смею запэўніць, пры любых умовах і абставінах нашая дзяржава будзе несці гэтую нагрузку. У поўным аб’ёме і, калі трэба, за межамі гэтых абʼёмаў».

Хто б казаў? Не буду галаслоўным – ды зноў прыгледжуся да лічбаў.

Яшчэ нейкі дзясятак гадоў таму, у 2013 годзе, у Беларусі нарадзілася 117 997 дзетак, а вось летась, у 2023-м – толькі 65 000. Амаль удвая меней. Што, ізноў «народзец» вінаваты? Такі панятак, як каэфіцыент нараджальнасці, настолькі нізкі, што стаўся гістарычным мінімумам. Ён меншы, чымся ў гады Другой сусветнай вайны.

А тут без усялякай вайны. Проста дастаткова кіравання Лукашэнкі – і беларусы знікаюць ці з краіны, ці ўвогуле. Давайце яшчэ ў лічбах. Ад моманту, як у 94-м годзе Лукашэнка прыйшоў да ўлады, і да сёння – колькасць беларусаў няўмольна падае.

Гэтак, у 94-м годзе ў Беларусі жыло 10 мільёнаў 243 тысячы беларусаў. Мінае дзесяцігоддзе (2004) – 9 мільёнаў 762 тысячы. Не хапае паўмільёна – заўважылі? Яшчэ дзесяць гадоў (2014) – 9 мільёнаў 468 тысячаў. Яшчэ трыста тысячаў мінус. Яшчэ дзесяць гадоў (2024) – 9 мільёнаў 155 тысячаў. Яшчэ трыста тысячаў знікаюць. І гэтак за трыццаць гадоў панавання маем: мінус каля 1 мільёна і 100 тысяч беларусаў. Паглядзіце на гэтую лічбу. Як гэта назваць?

Ва ўзурпатара яшчэ паварочваецца язык казаць пра нейкае дбанне пра беларусаў? Пракурор Швед «выкопвае» з магілаў мерцвякоў і ладзіць паказушныя працэсы над нежывымі за генацыд беларускага народу. Дык вось вам наводка, нешаноўны пракуратар, бярыце свайго шэфа. Бо калі знікненне больш як мільёна беларусаў у часе ягонага кіравання не генацыд, то што гэта?

Агляд
Як правільна падвышаць нараджальнасць у Беларусі і ці працуюць польскія выплаты «800+»?
2024.03.04 06:15

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў