Ператрус пасля інтэрв'ю, справа «Чорных салаўёў» і новыя выракі. Хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

БАЖ паведамляе, што ў бацькоў рэдактара інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава сілавікі ўчынілі ператрус. Корнышаў з’ехаў з Беларусі ў 2020‑м, а сёлета на пачатку лютага ў праграме «Беларус беларусу» на «Белсаце» распавёў пра тое, што падчас вымушанай эміграцыі ў яго з’явіліся праблемы са здароўем – быў выяўлены некроз тазабедраных суставаў, таму журналісту неабходныя дзве аперацыі па замене суставаў і доўгая рэабілітацыя. Пасля выхаду перадачы ў эфір у хату да бацькоў Корнышава пачалі рэгулярна наведвацца міліцыянты і следчыя.

«Маім родным сказалі, што крымінальная справа тычыцца майго інтэрв’ю «Белсату», – маўляў, гэта экстрэмісцкае фармаванне, а я нібыта спрыяю экстрэмісцкай дзейнасці», – распавёў Корнышаў.

Тэлеканал АНТ распавёў пра выкрыццё «тэрарыстычнай ячэйкі» падлеткаў «Чорныя салаўі», якім кіравала 16-гадовая ўкраінка Марыя Місюк. Акрамя Марыі ў групу ўваходзіла пяцёра беларусаў, навучэнцы розных каледжаў. Яны нібыта хацелі падарваць РУУС або пракуратуру ў Баранавічах. Марыі Місюк выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 289 КК («Акт тэрарызму»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе зняволення на тэрмін ад 8 да 20 гадоў.

Таксама прапагандысты распавялі пра пераслед 18-гадовага Данііла Гарасіма, які спачатку здымаў вайсковую тэхніку ў Асіповічах, а потым нібыта мусіў паўдзельнічаць у дыверсіі на чыгунцы. Яму выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 356 КК «здрада дзяржаве».

У Берасці за ўдзел у акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года Ксенію Турубчук і Дзмітрыя Мірашнічэнку асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»). Такім чынам, на дадзены момант вядома ўжо пра 137 чалавек, каго асудзілі па «карагоднай справе» паводле крымінальнага артыкулу.

Сілавікі ўчынілі аблаву ў Баранавічах: паведамляецца пра затрыманне пяцярых чалавек за пратэсты 2020 году. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Hавiны
Вязні «Воўчых нораў» зрабілі рамонт у калоніі – сваімі рукамі і за кошт сваякоў
2024.04.29 16:15

«DW Беларусь (Нямецкая хваля Беларусь)» прызнана экстрэмісцкім фармаваннем. Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 29 красавіка.

Сілавікі прыйшлі да жыхара Віцебшчыны, які ў TikTok скардзіўся на дрэнныя дарогі ў рэгіёне. Яго прымусілі запісаць відэа, дзе ён заклікае не выкладаць у TikTok матэрыялы, якімі могуць скарыстацца «экстрэмісты». У паведамленні праўладных каналаў зазначаецца, што відэаролік пра дрэнныя дарогі на Віцебшчыне трапіў у «экстрэмісцкія супольнасці» без ведама мужчыны, таму аўтар абышоўся «лёгкім спалохам».

Hавiны
Праваабаронцы даведаліся, праз чый данос 75-гадовая Наталля Таран трапіла за краты
2024.04.29 17:56

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў