У Беларусі 230 удзельнікаў антываенных акцыя пакаралі «соднямі»


У нядзелю, 27 лютага, па ўсёй Беларусі на акцыях пратэсту супраць вайны і рэферэндуму затрымалі больш за 800 чалавек. Людзей да гэтага часу ўтрымліваюць у ізалятарах у нечалавечых умовах, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

У дзень так званага «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Па стане на 28 лютага, праваабаронцам вядомыя імёны 770 затрыманых. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Па інфармацыі праваабаронцаў, некаторых людзей пасля затрымання збівалі, а на Акрэсціна ім не даюць ежы.

Беларускія суды ўжо разглядзелі больш за 267 адміністрацыйных спраў. Агулам за два дні судовага канвееру арыштавалі мінімум 230 чалавек і прызначылі толькі 14 штрафаў. Суддзі разглядаюць справы за сем хвілін і нават працуюць да 21:00.

Так мастака Дзмітрыя Дарашэнку арыштавалі на 15 содняў.

Сёння, 2 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна асудзілі беларускага мастака Дзмітрыя Дарашэнку (Doctor_oy). Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавым мерапрыемстве» (арт 24.23 КаАП) 27 лютага. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала яго вінаватым і пакарала 15-сутачным арыштам. Адбываць «суткі» Дзмітрый будзе ў ІЧУ Жодзіна, дзе сёння для затрыманых не прынялі перадачы ў сувязі з каранавірусам.

Вынеслі прысуд і віяланчэліста гуртоў Pylai і IRDORATH Елеўферыя Гайко.

Учора, 1 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся суд над 27-гадовым удзельнікам гуртоў Pylai і IRDORATH Елеўферыем Гайко. Справу разглядала суддзя Вольга Няборская.

Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Гайко на праспекце Незалежнасці, 35 прыняў удзел у масавым мерапрыемстве і выкрыкваў лозунг «Нет войне». Сваю віну музыка адмаўляе. Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў хлопца ў групе пратэстоўцаў. Але Елеўферый звярнуў увагу суддзі на тое, што сведка хлусіць. На гэта суддзя параіла яму звярнуцца ў адпаведны орган. Вынік – 14 содняў арышту.

Тым часам у Менску адбываюцца адзінкавыя акцыі супраць вайны ва Украіне.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў