Пра сваё прызначэнне спецпрадстаўніком у справе Беларусі Ігар Кізім апавёў у Facebook. Пастанову прыняў міністр замежных справаў Украіны.
У абавязкі амбасадара для асаблівых даручэннях у справе Беларусі будуць уваходзіць «пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткаю беларускага грамадства, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, асабліва ў тым, што датычыць падтрымання расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны».
«Спадзяюся, мой досвед працы амбасадарам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь спатрэбіцца ў гэтым», – зазначыў Кізім на сваёй старонцы ў Facebook.
Ігар Кізім быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі. Ён быў прызначаны на пасаду ў 2017 годзе і вызвалены ад абавязкаў прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 22 чэрвеня 2023-га. Гэта адбылося пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком непрызнаванай ДНР Дзянісам Пушыліным.
Да гэтага Ігар Кізім заставаўся ў Менску, нягледзячы на скандальныя дзеянні, якія дазваляў сабе беларускі бок. Напрыклад, яшчэ ў верасні 2020 года лукашэнкаўскія памежнікі агледзелі багажнік аўтамабіля дыпламата, хоць, згодна з венскімі канвенцыямі, гэта недапушчальна.
Новага амбасадара ў Беларусі Украіна не прызначала.
Марыя Міхалевіч belsat.eu