З нагоды Дня польскай дыяспары і палякаў за мяжой прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 2 траўня напісаў ліст да арыштаваных сябраў Саюза палякаў у Беларусі: Анджэлікі Борыс, Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Анджэя Пачобута, а таксама да Ганны Панішавай – прэзідэнткі Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў.
«У гэты асаблівы дзень – Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой, які адзначаецца сёння, я хацеў бы выказаць салідарнасць з вамі і з усімі, хто зазнае пераслед у Беларусі з нацыянальных і палітычных матываў», – напісаў прэзідэнт Польшчы.
Таксама Анджэй Дуда падкрэсліў, што пазіцыя пераследаваных актывістаў – «сведчанне адзінства палякаў і беларусаў, якія ствараюць суверэнную Беларусь», а палякі, якія жывуць у Беларусі, «ёсць неад’емнаю часткай беларускага грамадства, і яны паўнапраўныя грамадзяне Беларусі».
«Менавіта таму яны маюць права на свабоду, каб далей будаваць незалежную і дэмакратычную Беларусь, спрыяючы развіццю цесных адносін паміж нашымі дзяржавамі і народамі», – піша ў лісце прэзідэнт Польшчы.
АД, belsat.eu