Суддзя Першамайскага раёну Менску Анастасія Кулік пакарала лідараў АГП пазбаўленнем волі на тэрмін ад 1 да 2,5 гадоў. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, лідарку менскай арганізацыі партыі Аксану Аляксееву да 1,5 гадоў, юрыстку Антаніну Кавалёва да 1 году. Менавіта такія тэрміны запрасіла для абвінавачаных пракурорка Іна Зубко.
Палітвязняў пакаралі за ўдзел у «Маршы новай Беларусі» ў Менску ў жніўні 2020 году. Справа супраць іх была распачатая паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Нагадаем, Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева і Антаніна Кавалёва былі затрыманыя 27 ліпеня.
Глеб Нержын belsat.eu