Аварыя адбылася на тэрыторыі 2-га рудаўпраўлення «Беларуськалію» ў Салігорскім раёне, паведамляе МНС. Як удакладняла ведамства, «захрасла транспартавая кабіна» з пяццю работнікамі прадпрыемства. Але, падобна, ліфт не захрас, а абарваўся. Ёсць пацярпелыя.
Як паведамляе МНС, двух працаўнікоў ужо дасталі на паверхню і адвезлі ў Салігорскую раённую лякарню. Вядуцца працы для ратавання яшчэ трох чалавек, якія былі ў транспартавай кабіне.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, у аднаго з пацярпелых (1991 года нараджэння) дактары выявілі пашкоджанне хрыбетніка:
«Другі пацярпелы – у больш цяжкім стане. У яго, паводле папярэдняй інфармацыі, пералом хрыбетніка і канцавінаў».
У салігорскі шпіталь скіравалі брыгаду высокакваліфікаваных спецыялістаў – спінальнага хірурга і траўматолага-артапеда з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.
Каля 21:00 Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра ўратаванне трэцяга чалавека з кабіны. У яго «цяжкія траўмы, у тым ліку пераломы канцавінаў».
Паводле ведамства, на 21:11 ратаўнікі дасталі з абарванага ліфту ўсіх шахцёраў. Ува ўсіх пацярпелых – складаныя спалучэнні траўмаў: пераломы ключыцаў, хрыбетніка, таза і ніжніх канцавінаў.
У групе «Солигорские автолюбители» ў сацсетцы «УКантакце» пішуць, што кабіна з шахцёрамі магла абарвацца, бо не спрацавала аўтаматыка. Карыстальнікі суполкі паведамляюць, што на месцы здарэння працуюць 5 аўтамабіляў хуткай дапамогі, піша motolko.help.
Зміцер Міраш belsat.eu