544 дні ў нашай краіне працягваецца супрацьстаянне грамадства і ўладаў. «Белсат» падводзіць вынікі дня.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 8231 новы выпадак інфікавання COVID-19. Калі арыентавацца на афіцыйную статыстыку, то гэта рэкордны паказнік за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі.
Журналістка «Радыё Свабода» Іна Студзінская за мяжой і ў бяспецы. Пра гэта напісаў у сваім Facebook каардынатар BYSOL Андрэй Стрыжак.
Журналістка Ірына Слаўнікава даслала ліст з-за кратаў, у якім распавядае пра побыт з суседкамі ў камеры. Журналістка піша, што мае планы на будучыню, а зняволенне ўспрымае як часовую неспадзяванку.
У лісце да родных палітзняволеная Дар’я Чульцова піша пра побыт за кратамі. Мама зняволенай падзялілася лістом, у якой Даша распавядае пра пачатак Новага году.
Следчыя завялі крымінальную справу на кіроўцу грузавіка, які здзейсніў наезд на працаўніцу мытні. У выніку ДТЗ жанчына загінула на месцы, паведамляе Следчы камітэт.
Цыбулю,капусту і яблыкі цяпер можна будзе вывозіць з краіны толькі на падставе разавых ліцэнзіяў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Адпаведную пастанову 4 лютага 2022 года прыняў урад.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае фіксаваць сведчанні бесчалавечных умоваў утрымання ў ізалятары на Акрэсціна. Паводле праваабаронцаў, у арыштантаў забіраюць цёплае адзенне, ім не перадаюць перадачы і не аказваюць медычную дапамогу.
АЛ belsat.eu