«Wildberries» пачне прадаваць аўтамабілі


Онлайн-рэтэйлер «Wildberries» 18 красавіка запускае продаж аўтамабіляў на сваёй платформе. Кліент адразу аплачвае машыну праз прывязаную да акаўнту карту. Далей з ім звязваецца афіцыйны дылер, паведамляе РБК са спасылкай на заяву кампаніі.

Фота: Sergei Elagin / Shutterstock.com

Спачатку набыць аўтамабіль праз «Wildberries» можна будзе карыстальнікам у 17 расейскіх рэгіёнах. Надалей кампанія абяцае пашырыць зону дастаўкі. Праўда, не ўдакладняецца, ці будзе такая функцыя ўведзеная ў іншых краінах, напрыклад, у Беларусі. Але верагоднасць даволі высокая.

Першай машынай, якую можна будзе купіць на маркетплэйсе, стане кітайская «Chery». Паведамляецца, што на «Wildberries» будзе даступны ўвесь мадэльны шэраг «Chery».

Замова аўтамабіля магчымая для карыстальнікаў па 100-адсоткавай перадаплаце картай, якая прывязаная да профілю карыстальніка.

Пасля афармлення замовы з кліентам звяжацца афіцыйны онлайн-дылер «Chery» для ўдакладнення дэталяў, дамова куплі-продажу падпісваецца перад выдачай аўтамабіля, растлумачылі ў «Wildberries».

Месца дастаўкі з улікам лагістычных магчымасцяў для выгрузкі аўтамабіля будзе ўзгадняцца паміж дылерам і кліентам.

«Wildberries» мае намер развіваць новую катэгорыю тавараў «Транспартныя сродкі», заявілі ў кампаніі, у далейшым у продажы з’явяцца матацыклы, квадрацыклы, снегаходы.

Агляд
Бум маркетплэйсаў у Беларусі: сакрэт поспеху і прагнозы на будучыню
2023.12.02 08:40

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў