Менская міліцыянтка, якая здымала здзекі з затрыманых у 2020 годзе, пайшла на павышэнне


Супрацоўніца міліцэйскай прэс-службы Карына Кунгер перайшла з РУУС Ленінскага раёну Менску на пасаду судовай выканаўцы ў аддзел прымусовага выканання Маскоўскага раёну Менску, заўважыла «Наша ніва».

28-гадовая Карына Кунгер стала вядомай пасля публікацыі BYPOL: яна здымала на відэа збіванне і прыніжэнне беларусаў у актавай залі Фрунзенскага РУУС у першыя дні пасля выбараў-2020. Ейнае імя было напісанае на адным з відэа, на якім затрыманыя ляжаць тварам у падлогу, закаваныя ў кайданкі.

У дзяржаўных медыях яе называлі афіцыйнай прадстаўніцай Ленінскага РУУС Менску. Цяперашняя ейная праца «абяцае падвышэнне заробку і статус дзяржслужбоўцы», адзначае «Наша ніва».

Выданне таксама заўважае, што адзін з ананімных Telegram-каналаў, звязаных з сілавікамі, нядаўна выпадкова выдаў сваіх адміністратараў: апублікаваў (імаверна, выпадкова) графік дзяжурстваў асабовага складу Упраўлення грамадскіх сувязяў МУС, дзе за двума супрацоўнікамі значыцца гэты самы канал. Падраздзяленне, адказнае за гэта, мае абрэвіятуру «ОРИКС» – меркавана, гэта аддзел працы ў інфармацыйна-камунікацыйнай сферы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў