Цяжарную жанчыну аштрафавалі за «экстрэмісцкі» лагатып


У Наваградку цяжарную жанчыну аштрафавалі за тое, што яна «распаўсюджвала» лагатып групы «Мая краіна Беларусь» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: калаж / ketoinpearls.com / Мая краіна Беларусь, Vk.com

У пастанове суда, які адбыўся 21 сакавіка, гаворыцца пра тое, што жанчына падпісалася на групу «Мая краіна Беларусь», якую пазней прызналі «экстрэмісцкай», яшчэ ў 2019 годзе. Але «не абмежавала доступ» да прагляду лагатыпу іншым карыстальнікам, чым спрыяла яго «распаўсюджванню»: «гэта дазволіла бесперашкодна яго праглядаць іншым карыстальнікам згаданай сацыяльнай сеткі».

Жанчына не прыйшла на суд, але сваю віну прызнала. Суд пастанавіў аштрафаваць яе паводле ч. 2 арт. 19 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).

У якасці пакарання жанчыне прызначылі штраф у 25 базавых велічынь, або 1000 рублёў.

У пратаколе адзначаецца, што жанчына знаходзіцца на ўліку па цяжарнасці, а таксама мае яшчэ адно няпоўнагадовае дзіця.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў