Да 2022 года адной з праяваў росту ваеннага напружання ў Еўропе было святкаванне Дня Перамогі. Пазалетась адзначэннем асабліва вызначыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён стаў адзіным у свеце, хто ў 2020 годзе, пасярод пандэміі каронавіруса, правёў парад на 9 траўня. Праўда, у выніку пастанавіў не адставаць і Уладзімір Пуцін – ды таксама правёў парад.
Палітолаг Андрэй Ягораў распавёў «Белсату», што насамрэч вайна значыць для Лукашэнкі.
– Чаму гэты парад такі важны для Лукашэнкі? Нават падчас каронавіруса яго не скасаваў.
– Увогуле, беларускі ідэалагічны наратыў, які падтрымлівае гэтую дзяржаву, гэтую ўладу, гэтую сістэму палітычную, ён вельмі бедны. Там нічога няма, і адзінае такое прадметнае, што існуе ў выглядзе ідэалагічных падмуркаў гэтага рэжыму, – гэта перамога ў Другой сусветнай вайне. Зноў-ткі, гэты наратыў быў пазычаны з Савецкага Саюзу, з БССР, і ў трошкі трансфармаваным выглядзе быў пакладзены ў аснову беларускай ідэалогіі, ідэалогіі беларускага палітычнага рэжыму. Таму сімвалічна, гэта важна для падтрымання гэтага рэжыму. І пастаянна да яго апелююць. І таму падчас каронавіруса гэта было так дэманстрацыйна. Маўляў, мы перамагаем, мы ўсё роўна перамагаем, мы вядзём сваю палітыку, не такую, як усе астатнія, бо гэта і ёсць нашая як бы перамога.
Палітолаг тлумачыць, што ў Расеі ідэалогія, пабудаваная на перамозе ў Вялікай Айчынай вайне, насаджваецца больш агрэсіўна, чымся ў Беларусі. Крэмль падпарадкоўвае жыццё расейцаў ваенным мэтам, падкрэсліваючы веліч дзяржавы. А афіцыйны Менск выкарыстоўвае ваеннае мінулае для падтрымання нібыта стабільнай палітыкі Лукашэнкі.
– Трэба разумець, што самому Лукашэнку напляваць на Другую сусветную вайну, на тыя ахвяры. Гэта для яго проста такая тэма, такі механізм, які ён выкарыстоўвае, як яму ў нейкай канкрэтнай сітуацыі трэба. Усялякая ідэалогія ў Беларусі апісваецца вельмі простай формулай лаяльнасці да палітычнага рэжыму. Маўляў, Лукашэнка класны, перамог беспарадак 90-х, і, маўляў, у нас усё файна. Таму сядзіце маўчыце і падтрымлівайце дзейны рэжым. Ну, вось урэшце ўсё, што можна сказаць пра беларускую ідэалогію. Гэта проста канцэнтраванае выказванне лаяльнасці да цяперашняга палітычнага рэжыму. Усё астатняе грае ролю такіх падпорак. І калі яно пустое само з сябе, то туды падцягваецца ўсё, што можна падцягнуць.
Эклектычная мяшанка ідэяў дазваляе Лукашэнку ў любы момант збочыць, змяніць вектар сваёй палітыкі ў той ці іншай галіне, у тым ліку часцей за ўсё гэта адбываецца найбольш яскрава ў міжнароднай палітыцы. Трэба сёння сябраваць з Захадам, каб утрымацца ва ўладзе. Ну, значыць будзем казаць пра тое, што мы былі заўсёды сябрамі, выбудоўвалі добрыя стасункі з Усходам і Захадам і г. д. Трэба спадабацца Пуціну і Расеі – ну, будзем казаць пра тое, што гэты дрэнны Захад распачаў вайну супраць Расеі і Беларусі.
Сама тэматыка міру, мірнага існавання – важная для беларусаў. І цяпер Лукашэнка, які наўпрост падтрымлівае расейскую агрэсію, а гэта будзе ўплываць на ягоны рэйтынг, ён будзе эксплуатаваць сваё няпоўнае падтрыманне Расеі, няўвод беларускіх войскаў ва Украіну.
– У савецкі час лічылася, што падчас вайны загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Таму і ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» замест чацвёртай бярозкі – вечны агонь. Гэта пацвярджаецца і перапісам насельніцтва пасля вайны. Але афіцыйны Менск потым пачаў распавядаць ужо пра кожнага трэцяга загінулага ў вайне беларуса. Нашыя суразмоўцы ўпэўненыя, што і ў Расеі, і ў Беларусі Вялікая Айчынная вайна падаецца не такой, якой яна была насамрэч. Дзеля прапаганды адныя факты скажаюць, іншыя – увогуле замоўчваюць.
– Гэта сутыкненні вялікіх, глабальных краінаў, што вялі вайну паміж сабой, дзе беларусы былі пераважна закладнікамі і бокам, які перажываў гэтую сітуацыю. Яны мусілі выжываць. І выжываць так, як яны маглі выжыць падчас гэтага. І таму насуперак усяму няма ў беларусаў разумення проста добрых партызанаў. Вось іх савецкая прапаганда рабіла такімі гераічнымі заўсёды – але людзі памятаюць, што гэта была неадназначная гісторыя. Была неадназначная гісторыя з партызанамі, якія маглі рабаваць і забіваць мясцовае насельніцтва. Былі гісторыі, што за партызанаў былі карныя акцыі. То бок людзі хутчэй успрымаюць гэта як складаную гісторыю. Ну, мы бачылі 20 гадоў.
АМ belsat.eu