Што адбываецца з ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Прыгожына?


Belsat.eu распавядае, што вядома пра прысутнасць ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Яўгенія Прыгожына і як змянілася сітуацыя за апошнія тыдні.

Беларускія артылерысты на «вучэннях» па тактычнай і агнявой падрыхтоўцы з элементамі тактычнай медыцыны пад кіраўніцтвам інструктараў ПВК Вагнэра. Палігон пад Асіповічамі, жнівень 2023 года. Крыніцы: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Колькі вагнэраўцаў цяпер у Беларусі і дзе яны

Першая вялікая калона Групы Вагнэра прыбыла ў Беларусь 15 ліпеня. Цягам наступных тыдняў колькасць наймітаў у краіне нарошчвалася, дасягнуўшы, паводле некаторых звестак, 6,5–7 тысячаў байцоў. Аднак у пачатку жніўня пачалі распаўсюджвацца чуткі пра тое, што вагнэраўцы масава пакідаюць Беларусь. У чаце сваякоў наймітаў адно за адным пачалі з’яўляцца паведамленні, быццам вагнэраўцаў вывозяць з Беларусі – адпраўляюць дамоў у адпачынак, а потым тых, у каго ёсць замежны пашпарт, імаверна, выправяць у Афрыку. 24 жніўня радыё «Свабода» апублікавала спадарожнікавыя здымкі, з якіх вынікае, што ў галоўным лагеры вагнэраўцаў каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну за апошнія тыдні была дэмантаваная траціна ўсіх намётаў.

Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня пракаментаваў гэтыя звесткі супярэчліва. З аднаго боку, ён заявіў, што былі прыбраныя толькі лішнія намёты і ўвогуле ў Беларусі пры неабходнасці можа сабрацца да 10 тысяч вагнэраўцаў. З другога боку, Лукашэнка ўскосна прызнаў, што наймітаў паменела: «Тут застаецца ядро, хтосьці з’ехаў у адпачынак, хтосьці наогул вырашыў жыць убаку».

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» не фіксаваў перакідвання наймітаў авіярэйсамі ў Афрыку ці Расею і ў прынцыпе не заўважыў масавага перамяшчэння вагнэраўцаў на беларускай тэрыторыі ў апошнія тыдні. То бок нічога не ўказвае на тое, што цяпер ідзе працэс вываду баевікоў з краіны. На сярэдзіну жніўня, паводле праекту, у Беларусі маглі быць 4–4,5 тысячы вагнэраўцаў.

Украінскі бок лічыць, што наймітаў ПВК Вагнэра сапраўды паменела, але большасць з тых, хто прыбыў у ліпені, застаюцца ў Беларусі. Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка 29 жніўня заявіў са спасылкай на звесткі выведкі, што цяпер у Беларусі 5 тысяч вагнэраўцаў (на піку Дэмчанка ацэньваў групоўку наймітаў на беларускай тэрыторыі як 6,5 тысячы). Аналагічную лічбу дае ў сваім аглядзе за 3 верасня эксперт даследчай суполкі «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

Hавiны
Прэзідэнт Літвы дапусціў, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю можа стабілізавацца
2023.09.05 09:51

Імаверна, асноўная маса наймітаў застаецца ў палявым лагеры каля вёскі Цэль пад Асіповічамі – гэтая лакацыя прызнаная ўладамі афіцыйна. Акрамя таго, «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што найміты выкарыстоўваюць склады былога вайсковага мястэчка № 28 Паплавы каля Асіповічаў.

Раней у сеціве хадзілі чуткі пра стварэнне палявых лагераў у іншых рэгіёнах Беларусі. У прыватнасці, паведамлялася пра новыя лакацыі ў Гомельскай і Гарадзенскай вобласцях. Аднак гэтыя чуткі дагэтуль не знайшлі пацверджання. На фоне звестак пра скарачэнне намётавага лагеру ў Цэлі і перафарматаванне самой групоўкі размовы пра новыя лакацыі выглядаюць малапраўдападобна.

Праца з Узброенымі сіламі завершаная?

Калі найміты толькі пачалі прыбываць у Беларусь, у Міністэрстве абароны паведамілі пра стварэнне супольнай дарожнай мапы супрацы з ПВК Вагнэра. 20 ліпеня было абвешчана, што вагнэраўцы на палігоне Берасцейскі пачалі трэнаванне з байцамі Сілаў спецыяльных аперацыяў (ССА). Потым інструктары баевікоў праводзілі заняткі з іншымі відамі войскаў: напрыклад, байцамі механізаваных брыгадаў, інжынерных войскаў, войскаў сувязі, войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. Таксама паведамлялася, што пераймаюць «бясцэнны баявы досвед» спецпадраздзяленні МУС.

Аднак навінаў пра сумесныя трэнаванні няма ўжо некалькі тыдняў. 12 жніўня тэлеканал «Беларусь 1» са спасылкай на Мінабароны паведаміў, што беларускія дэсантнікі заняткі з наймітамі Групы Вагнэра завяршылі. Гэта была пакуль што апошняя афіцыйная згадка пра кантакты Узброеных сілаў Беларусі і ПВК Вагнэра. У Telegram-канале Мінабароны апошняе паведамленне пра наймітаў (калі не ўлічваць цытавання Лукашэнкі) увогуле датаванае 30 ліпеня.

У Telegram-каналах, звязаных з вагнэраўцамі, апошні допіс пра сумесную падрыхтоўку можна знайсці 24 жніўня – сцвярджалася, што найміты тады праводзілі заняткі з беларускімі артылерыстамі. Пасля каналы вагнэраўцаў публікавалі толькі старую інфармацыю на гэты конт.

Можна выказаць здагадку, што насамрэч дарожная мапа супрацы з ПВК Вагнэра была вычарпаная. Калі адштурхоўвацца ад датаў пачатку і завяршэння трэнавання беларускіх ССА, то выходзіць, што курс падрыхтоўкі з удзелам інструктараў ПВК Вагнэра ўкладаецца прыкладна ў тры тыдні. Гэта значыць, што і працу з іншымі відамі войскаў найміты маглі на сённяшні дзень скончыць.

«Беларускі Гаюн» апошні раз фіксаваў прысутнасць вагнэраўцаў на вайсковых палігонах 25 жніўня.

Беларускія артылерысты на «вучэннях» па тактычнай і агнявой падрыхтоўцы з элементамі тактычнай медыцыны пад кіраўніцтвам інструктараў ПВК Вагнэра. Палігон пад Асіповічамі, жнівень 2023 года. Крыніцы: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Праўда, арганізацыя «ByPol», якую ўзначальвае Аляксандр Азараў, паведамляла, што ў вёсцы Багатырскай Полацкага раёну закрылі школу для таго, каб пасяліць туды баевікоў ПВК Вагнэра. Яны нібыта мусяць узяць удзел у навучальных зборах тэрытарыяльнай абароны на Полаччыне, якія маюць прыходзіць з 22 жніўня да 14 верасня. Ці сапраўды вагнэраўцы цяпер удзельнічаюць у гэтых зборах – невядома. Аднак у любым выпадку гаворка вялася пра нязначную колькасць вагнэраўцаў: Азараў казаў, што там іх будзе максімум чалавек 20.

Як Карпянкоў сябруе з наймітамі

Афіцыйных паведамленняў пра сумесныя вучэнні вагнэраўцаў і спецпадраздзяленняў МУС таксама ўжо некалькі тыдняў не з’яўлялася. Але блізкія да спецслужбаў Telegram-каналы «Белорусский силовик» і «BLIK» 2 верасня прыводзілі цікавую цытату намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова з урачыстага збору асабовага складу брыгады спецназу 3214:

«Цяпер на базе нашага навучальнага цэнтру праводзяцца інтэнсіўныя зборы з інструктарамі ПВК Вагнэра. Каля 200 чалавек ужо атрымалі сертыфікат аб праходжанні курсу тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі па барацьбе з ДРГ і НУФ, яшчэ 250 пачалі сумесныя заняткі. Праца ў гэтым кірунку будзе працягвацца, навучанне пройдуць усе падраздзяленні ўнутраных войскаў».

На ўрачысты збор былі запрошаныя прадстаўнікі ПВК Вагнэра. Карпянкоў падзякаваў ім за «бескарыслівую перадачу баявога досведу» і «братэрскае стаўленне». Мерапрыемства завершылася сумесным фатаграфаваннем наймітаў, беларускіх спецназаўцаў і выхаванцаў дзіцячых вайскова-патрыятычных клубаў. Пры гэтым цікава, што газета адміністрацыі Лукашэнкі «СБ – Беларусь сегодня» ў сваім матэрыяле з урачыстага збору брыгады 3214 пра ПВК Вагнэра нічога не напісала.

«Белсат» раней ужо звяртаў увагу на тое, што Карпянкоў надзвычай актыўна праяўляе свае сімпатыі да ПВК Вагнэра. Ён наладзіў кантакты з наймітамі раней за сваё кіраўніцтва, прычым з яўным акцэнтам на нефармальны і сяброўскі характар стасункаў. Дастаткова сказаць, што ў каналах, звязаных з вагнэраўцамі, можна знайсці супольныя фота намесніка міністра з прадстаўнікамі ПВК як мінімум з пяці розных сустрэчаў. Больш ніхто з беларускіх сілавікоў настолькі часта ў публічнай прасторы з наймітамі не перасякаўся.

Такім чынам, калі верыць цытаце Карпянкова, унутраныя войскі МУС маюць намер працягваць супрацу з ПВК Вагнэра. Аднак паўстае пытанне: як доўга гэта можа цягнуцца?

Каментар
Палітолаг: «Лукашэнка за вагнэраўцаў не трымаецца, ён наадварот не можа ад іх пазбавіцца»
2023.08.31 19:53

Навошта вагнэраўцы застаюцца ў Беларусі

Найміт з Беларусі Аляксей Бярговін (пазыўны Брэст), які вядзе Telegram-канал «Отечество», 29 жніўня наступным чынам выказаўся пра планы ПВК Вагнэра пасля гібелі Прыгожына: «Кіраўнік быў гатовы загінуць у любы момант, пра што не раз публічна заяўляў. Ёсць інструкцыі і план дзеянняў на гэты выпадак». Але больш нічога не патлумачыў. Бярговін таксама дадаў, што з новым камандзірам Групы Вагнэра з пазыўным Лотас (сапраўднае імя Антон Елізараў) «нашым ворагам будзе цяжка».

У сеціве апошнім часам распаўсюджвалася шмат чутак пра нейкія загадкавыя інструкцыі на выпадак гібелі Прыгожына. Аднак нельга выключаць, што насамрэч ніякага запаснога плану няма, а калі ён і існаваў, то яго наўрад ці магчыма зрэалізаваць у цяперашніх умовах. Няма сумневаў, што Крэмль плануе цалкам паглынуць ПВК Вагнэра, і незразумела, як найміты, якія пазбавіліся кіраўніцтва і фінансавання, могуць гэтаму перашкодзіць.

30 жніўня выданне «Важные истории» распавяло, што прадстаўнік ПВК Вагнэра рэкамендаваў байцам знайсці іншую працу, бо групоўка больш не можа ўдзельнічаць у вайне ва Украіне і сутыкаецца з сурʼёзнай канкурэнцыяй з боку расейскага Мінабароны і Расгвардыі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Сетка наймітаў у Афрыцы, паводле агенцтва «Bloomberg», цяпер мусіць цалкам перайсці пад кантроль Мінабароны РФ. Перад байцамі ПВК Вагнэра ў Беларусі цяпер паўстае дылема: або ісці працаваць на расейскае Міністэрства абароны, або сыходзіць з вайсковай службы. Працэс адпаведнай рэарганізацыі Групы Вагнэра напэўна зойме некаторы час.

Беларускія артылерысты на «вучэннях» па тактычнай і агнявой падрыхтоўцы з элементамі тактычнай медыцыны пад кіраўніцтвам інструктараў ПВК Вагнэра. Палігон пад Асіповічамі, жнівень 2023 года. Крыніцы: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Нельга таксама выключаць, што асобныя найміты пагодзяцца пайсці на службу ў сілавыя структуры Беларусі. Прынамсі, Лукашэнка раней казаў, што хацеў бы пакінуць наймітаў ПВК Вагнэра ў краіне, каб, «адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію». Планы Карпянкова працягваць трэнаваць унутраныя войскі з удзелам вагнэраўскіх інструктараў нібыта таксама на гэта намякаюць.

Аднак такі варыянт не мае шанцаў стаць масавым праз абмежаваныя фінансавыя магчымасці рэжыму Лукашэнкі. Хутчэй за ўсё, пераважная большасць наймітаў пойдзе служыць у падраздзяленні Мінабароны РФ. Дзе Масква палічыць мэтазгодным выкарыстаць гэтыя сілы – у Афрыцы, ва Украіне або ў Беларусі – пытанне адкрытае.

Аналітыка
Эскалацыйны статус-кво. Якія наступствы будзе мець гібель Прыгожына для Беларусі
2023.08.24 19:21

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў