Віктара Бабарыку пакаралі 14 гадамі зняволення


Вярхоўны Суд пакараў былога патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Віктару Бабарыку 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, палітычнага вязня аштрафавалі на 145 тысячаў рублёў.

Рашэнне вынес суддзя Ігар Любавіцкі. Паколькі рашэнне вынес суд найвышэйшай інстанцыі, Бабарыка не можа абскардзіць выраку ў парадку апеляцыі.

Таксама суд пастанавіў спагнаць з Бабарыкі 46 мільёнаў рублёў «дзеля пагашэння нанесенай шкоды», піша Onliner.

Раней пракурор Сяргей Гіргель патрабаваў для палітвязня максімальна магчымы тэрмін – 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Віктара Бабарыку прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Былы старшыня «Белгазпрамбанку», экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі застаецца за кратамі ўжо больш за год.

Палітвязень не прызнаў сваёй віны. Паводле Бабарыкі, падчас кіравання «Белгазпрамбанкам» «не было дапушчана ніводнага не тое што супрацьзаконнага дзеяння або прымусу, але нават не было дапушчана ніякага намёку на магчымасць здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў».

Паводле Onliner, іншым фігурантам «справы «Белгазпрамбанку» Вярхоўны Суд прысудзіў:

  • Сяргею Шабану – 6 гадоў пазбаўлення волі;
  • Дзмітрыю Кузьмічу – 6,5 года пазбаўлення волі;
  • Аляксандру Ільясюку, Сяргею Дабралету і Кірылу Бадзею – 5,5 года пазбаўлення волі;
  • Аляксея Задойку – 5 гадоў «хатняй хіміі»;
  • Віктару Кабяку – 3 гады пазбаўлення волі.

Каб падтрымаць Віктара Бабарыку, да будынку суда прыйшлі дзясяткі людзей, яны стаялі ў чарзе, але большасць з іх на паседжанне не трапіла. На агучванне выраку прыехалі таксама прадстаўнікі заходніх амбасадаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў