У Менскім абласным судзе на працэсе ў «справе «NEXTA» пракурор заявіла, што сума шкоды ад дзеянняў рэдактараў праекту Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча склала не менш як 30 млн рублёў. Пра гэта паведамляе «Sputnik».
Заяўляецца, што сілавікам «пры забеспячэнні правапарадку і спыненні масавых беспарадкаў» была нанесеная шкода не менш як на 24 млн рублёў. А сумарная шкода ацэненая не менш як на 30 млн.
Суд пачаўся 16 лютага. З трох падазраваных – Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча – у судзе прысутнічае толькі апошні: яго затрымалі ў траўні 2021 года ў выніку адмысловай пасадкі самалёта рэйсу Афіны – Вільня.
Рэдактараў праекту «NEXTA» вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Таксама сярод абвінавачанняў – стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, паклёп і публічная знявага Лукашэнкі.
Пуцілу і Рудзіка дадаткова вінавацяць у змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыі Беларусі. Апроч таго, Пуцілу таксама абвінавачваюць у арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.
Якуб Хруст belsat.eu