У Беларусі мэтанакіравана пераследуюць сваякоў байцоў, якія ваююць у Збройных сілах Украіны. Пасля другога затрымання Сяргей Бандарэнка трапіў у шпіталь. Сілавікі пагражалі яму доўгім зняволеннем, таму ён уцёк праз Расею ў Польшчу. Хто яму дапамагаў, ён дагэтуль не ведае.
Сяргей Бандарэнка – стрыечны брат байца палка Каліноўскага Васіля Парфянкова з пазыўным Сябро. Васіль загінуў у баях пад Лісічанскам 26 чэрвеня – тады ж загінуў камандзір батальёна «Волат» і яшчэ прынамсі два байцы. Пасля навінаў аб смерці Васіля сілавікі затрымалі Сяргея ў першы раз, але адпусцілі пасля 15 дзён арышту. Затрымлівалі таксама сястру і маці Васіля, калі ён быў яшчэ жывы, пасадзілі на 10 дзён арышту, маці прымусілі запісаць відэазварот, у якім яна асуджала дзейнасць сына.
Паводле Сяргея Бандарэнкі, сілавікі прыходзілі да многіх родных ваяроў палка Каліноўскага, не толькі да блізкіх Парфянкова. ГУБАЗіК, лічыць ён, абразіўся на відэа, дзе полк у жартаўлівай форме выклікаў іх на «разборкі» на нейтральнай тэрыторыі. Сяргей кажа, як толькі даведваюцца, што чалавек у палку Каліноўскага, адразу ідуць затрыманні родных у Беларусі.
Нядаўна Сяргея затрымалі другі раз, правялі ператрус. Білі так, што з міліцыі яго аддалі ў лякарню. Сяргею ўладося ўцячы за мяжу, ён падрабязна расказаў «Белсату» сваю гісторыю.
4 ліпеня Сяргей даведаўся, што Васіль, імаверна, загінуў, але была яшчэ імавернасць, што толькі трапіў у палон. Праз два дні аказалася, што ўсё ж загінуў. Аб гэтым Сяргей даведаўся ад беларускага актывіста, знаёмага з ваярамі. Сяргей дамовіўся з актывістам зайсці да яго дамоў, распытаць пра лёс Васіля, але пад домам актывіста яго сустрэлі сілавікі.
«Толькі да дому падышоў, вылецелі «маскі-шоў», і ўсё, што памятаю – тварам у падлогу ў бусіку, потым аказаўся ў РУУС Першамайскага раёну», – згадвае Сяргей.
Сілавікі праглядзелі ягоны тэлефон, але крымінальнай справай не пагражалі, згадвае Сяргей:
«Ёсць такое ўражанне, што яны самі хацелі, каб гэта хутчэй скончылася, каб полк Каліноўскага прыйшоў і вызваліў Беларусь. Я бачыў у іх вачах спачуванне. Яны мне казалі, даслоўна: мы ўсё разумеем, у вас загінуў брат, але трэба адсядзець».
На той раз Сяргею прысудзілі 15 дзён арышту – міліцыянты напісалі «Непадпарадкаванне», суд перакваліфікаваў на «Дробнае хуліганства». 15 дзён Сяргей правёў у нечалавечых умовах: ні коўдраў, ні падушак, ні матрацаў, спаць мог ці на падлозе, ці на металёвых нарах.
Сяргей адзначае, што сілавікі і суды «пішуць, што хочуць»: бачыў людзей, якіх пасадзілі за жоўта-блакітную стужку як за «Дробнае хуліганства» ці за песню ўкраінскага гурту «Океан Ельзи» ў машыне як за «Непадпарадкаванне».
«Падаў… Вы разумееце, пра што я», – так Сяргей дагэтуль кажа пра траўмы, атрыманыя ад байцоў ГУБАЗіК. Тлумачыць, што калі б у Беларусі расказаў, што было на самой справе, «было б яшчэ горш», таму не казаў пра гэта ні міліцыянтам, ні медыкам. Але тыя здагадваліся, што ён не проста падаў.
Сяргей згадвае, што ў будынку ГУБАЗіК яго клалі галавой у падлогу і не давалі глядзець па баках, але калі паспяваў агледзецца, бачыў на сценах расейскія сцягі. Пасля допыту і пабояў яго адвезлі, як казалі самі байцы ГУБАЗіК, у «звычайную міліцыю» ў Заслаўі. Пакуль везлі, адшукалі ў ягоным тэлефоне рэпосты фільму пра Васіля, падпіскі на «экстрэімсцкія» каналы: пагражалі, што за такое будуць нават не «суткі», «хопіць на многа». Зрабілі тры скрыншоты, анансавалі: за кожны – па 15 дзён арышту.
У заслаўскай міліцыі яму трэба было распрануцца, а было нават цяжка зняць кашулю. Міліцыянты гэта заўважылі, адзін спытаў, ці моцна білі і выклікаў «хуткую». Сяргей мяркуе, што яго ўсё роўна не прынялі б у ізалятар у такім стане, таму міліцыянт вырашыў не вазіць яго лішні раз, а адразу перадаць лекарам, за што, магчыма, атрымаў «наганяй».
У менскую лякарню Сяргея павезлі з рукамі, закаванымі ў кайданкі за спінай, і ў суправаджэнні аўтаматчыка. Лекары, кажа Сяргей, нават абураліся, што яму занадта моцна заціснулі кайданкі. Падчас абследаванняў аўтаматчык паўсюль суправаджаў Сяргея, нават у прыбіральні, і абураўся, што пацыента хочуць шпіталізаваць.
«Урачы ўсё разумелі, што адбылося. Пыталі мяне: білі, не білі? Я вачыма на гэтага старшага лейтэнанта кашуся, каб урачы разумелі, што я не магу праўду сказаць. Паўтараю: я падаў, я падаў», – згадвае Сяргей.
Адзін лекар сказаў сілавікам, што Сяргея з такімі траўмамі могуць забраць праз тры дні: дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, а па рэбрах не разглядзелі пераломаў, хоць падазравалі, што маглі быць. Супрацоўніку міліцыі выдалі паперу аб шпіталізацыі, Сяргея пакінулі ў лякарні.
Спачатку Сяргей думаў «здавацца» сілавікам пасля лякарні, але потым згадаў, у якіх умовах адбываў мінулы арышт – а тады ён быў без такіх траўмаў, як цяпер. Ды і сілавікі забралі тэлефон на экспертызу, а ў тэлефоне і фота з бел-чырвона-белымі сцягамі, і ўкраінская музыка, анекдоты пра Пуціна і словы «маскаль» у перапісцы, і наогул на застаўцы герб Украіны. Ён прыгадвае, як сілавікі бачылі ягоныя фота з менскага мітынгу-канцэрту на 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі – і не верылі, што такі канцэрт мог быць санкцыянаваным і законным. І згадвае, як сілавікоў раз’юшыла, што ён не памятаў дзяржаўны гімн Беларусі – за гэта яго ўдарылі электрашокерам.
Сяргей вырашыў, што яшчэ адзін арышт не перажыве. На наступную раніцу ўцёк да сябра, стаў запытваць знаёмых пра дапамогу, пісаў кіраўніку фонду BYSOL Андрэю Стрыжаку. Праз два дні яму прыслалі спасылку, да каго звярнуцца, але Сяргей дагэтуль не ведае, хто ж яму дапамог: кажа, ужо і сам хацеў бы даведацца.
Незнаёмец, які прапанаваў дапамогу ва ўцёках, праінструктаваў Сяргея, праверыў адсутнасць забароны на выезд, сказаў выязджаць хутчэй, мець пры сабе 150-200 долараў, заставацца на сувязі. Сяргей па сябрах сабраў патрэбную суму, знайшоў квіток на аўтобус у Расею.
Перад выездам Сяргей даведаўся, што заслаўскі міліцыянт яго шукаў ужо за дзень да меркаванай выпіскі з лякарні, прыходзіў да ягонай маці і пакінуў тэлефон для сувязі – нібыта каб аддаць канфіскаваныя рэчы, у тым ліку заручальны пярсцёнак. Сяргей патэлефанаваў міліцыянту з тэлефона, які папрасіў у людзей на вуліцы, і паехаў.
На мяжы з Расеяй пашпарты глядзелі не асабліва ўважліва. Праз Смаленск Сяргей даехаў да Масквы, звязаўся з незнаёмцам-памочнікам. Той расказаў, што праз святы квіткі на самалёты падаражалі, ва ўцекача не хапіла б грошай, таму ён сам купіў Сяргею квіток. Сяргей даляцеў да Калінінграду, замовіў таксі да мяжы.
Памежны пункт быў без пешага пераходу – толькі з аўтамабільным. Сяргей дачакаўся машыны, якая ехала праз мяжу, пашчасціла «застопіць» расейскамоўных немцаў, з якімі праехаў расейскі кантроль. На польскай тэрыторыі адразу пабег да памежнікаў. Сяргея папярэджвалі, каб ні ў якім разе не вяртаўся на расейскую тэрыторыю, ён быў гатовы падаць на зямлю, крычаць, хапацца за адзенне. Але памежнікі яго супакоілі, нармальна паразмаўлялі з ім. Адно што спыталі, у якой машыне ехаў. Сяргей «па беларускай звычцы» спужаўся, што «падставіў» немцаў – але аказалася, памежнікі проста хацелі, каб тыя давезлі яго за шлагбаум.
За шлагбаўмам памежнікі запрасілі Сяргея ва ўчастак, прапанавалі каву і гарбату. Там выпадкова аказалася праваабаронца з польскага прадастўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, прапанавала дапамогу. Сяргея звазілі ў бліжэйшую лякарню, адвезлі назад, працягнулі афармленне дакументаў і апытанне праз перакладчыка. Палякаў, на думку Сяргея, найбольш цікавіла, як ён трапіў у Польшчу без візы і хто яму дапамагаў – а ён і сам не ведаў. У выніку Сяргея адпусцілі, выдаўшы часовы дакумент уцекача.
Незнаёмец-памочнік прапанаваў Сяргею кантакт беларускі, у якой можна было пажыць першы час. Але яму было няёмка, таму вырашыў адразу паехаць у лагер уцекачоў у Бялай-Падлясцы. Памежнікі «застопілі» для Сяргея машыну, якая пераехала мяжу – там аказаўся беларус, які давёз яго да Гданьску і пакінуў свой кантакт, памяняў яму расейскія рублі на 110 злотых.
Была ўжо ноч, касы гданьскага вакзалу не працавалі. Сяргей распытаў паліцыянтаў і мінакоў, як яму ехаць, сеў у цягнік да Варшавы, хацеў купіць квіток у кандуктара. Кандуктар жа сказаў, што 110 злотых не хопіць – Сяргей паказаў яму, што мае яшчэ 80 долараў, кандуктар забраў усе долары і даў квіток. Пазней аказалася, квіток каштаваў 71 злоты (15 долараў). Сяргей хоча пісаць у паліцыю заяву на кандуктара за такі падман.
З Варшавы Сяргей дабраўся да лагеру ўцекачоў, прайшоў рэгістрацыю, на момант размовы чакаў, калі яго перавядуць у ягоны пакой, дадуць ложкавую бялізну і сродкі гігіены.
«Людзі нашыя тут, якія ўцякалі яшчэ ў 2020 годзе і ўжо прыжыліся, раяць, што рабіць далей, – расказвае Сяргей. – Але я пакуль у такім стане, што яшчэ выходжу на вуліцу і азіраюся, баюся міліцыі. Яшчэ не разумею, што ў бяспецы».
Пакуль Сяргей «прыходзіць у сябе». Але ён дадае, што ўжо чакае магчымасці працаваць і жыць не ў лагеры, пазнаёміцца з беларусамі Варшавы, а ўрэшце выйсці да расейскай амбасады з бел-чырвона-белым сцягам.
Алесь Наваборскі belsat.eu